Нарач
вернуться

Танк Максим

Шрифт:

Прахор

Кінь, Іван, чалавек гэта наш, I не варта табе з ім спрачацца. А табе, Грышка, гэтак хадзіць Па мястэчку ніколі не раю… Тут пранюхае, можа сачыць Дэфензіўская лютая зграя. Ды нам час. Каля крайніх вазоў Нас чакаюць, сабраўшыся, людзі. Шмат баторынскіх ёсць рыбакоў, Нехта з Гатавіч, з Пасынак будзе.

Грышка

Крыху сілы збіраць пачалі. Справу з месца крануць было горай. Калі б ўсіх рыбакоў паднялі — Ўскалыхнуліся б нашы азёры. Рынак, як навальніца, шуміць, То ён шматкаляровы, то зрэбны. Сонца горача паліць, гарыць На люстэрках, на хустках, на грэбнях, Маладзіцы свой лён прадаюць: Дываны, ручнікі, палатніны. I калі яны зноў напрадуць Ўсё, што вынесла гора на рынак? Як сцяжынкі, цвітуць паяскі, I расшытыя яркія стужкі Ў каляровыя зоры і птушкі, Ў каласы, верасы, васількі. Ззяюць крамаў багатых рады. Гоман-шум гандляроў, ржанне коней. Вецер з возера, з Мястры, густы Ў залатыя шарахаўкі звоніць. — Гэй, купіце прыборы хутчэй!.. — Не, купец не маніў, не марудзіў. Ведаў — хлопца любіць весялей Чарнабровая з хустачкай будзе.

5

Ні галасоў, ні гоману Ў нахлынуўшым тумане. Ля возера Баторына Сядзіць адна Тацяна. Даўно паснулі вуліцы, I толькі адгалосы Яшчэ дзе-недзе чуюцца Асвераў і калёсаў. Зара ў трысці хаваецца, Мігціць Шлях Млечны зораў. Дзяўчына прыслухаецца, Што возера гаворыць, А хвалі пераліўныя Пяшчотна з трыснікамі Шапочуць казкі дзіўныя I гойдаюць чаўнамі. А месяц пераломаны То вынырне з туману, То выплыве з Баторына Каля чаўна Тацяны.

Грышка

Прыйшлі, ці доўга нас чакала? Сход зацягнуўся дапазна. Што ж, кагарка, не сумавала Над Мястрам-возерам адна?

Тацяна

Дамоў ісці была гатова, На кірмашы пакінуць вас… — А вочы зорацца з-пад броваў, Як золак у вясновы час.

Прахор

Ну, хлопцы, ўдаль па хвалях сініх, Каб дома быць нам да зары. А ты, арол, глядзі — дзяўчыны У рыбакоў не забяры! I пырснуў смех з блакітнай хваляй, Аж зашумелі трыснікі. На першых лодках рыбакі Пра Нарач песню заспявалі. I паплыло па хвалях рэха Туды, дзе цёмны бор стаяў, Дзе летнім сном драмалі стрэхі… Эх, песня родная мая!

6

Трэба вёсламі ударыць, — Зноў Прахор гаворыць. Лодкі выплылі на Нарач, Бы на сіне мора. Лес над берагам прачнуўся, Песню паўтарае… «Паляцелі белы гусі Ды з чужога краю…»

Грышка

Слухай, сэрцамаё, шчыра Я цябе кахаю, А ты вечна, быццам вырай, Ад мяне ўцякаеш. Ціха кагарка паўноччу Песню абарвала, За шаўковай хусткай вочы Зорныя схавала. — Я даўно цябе кахаю, — У адказ дзяўчына, Ці мо прашаптала хваля, Грышка вёслы кінуў. — Што ж там песню абарвалі? — Зноў Прахор гаворыць. Паняслася песня хваляй, Хваляй па азёрах. Уздымецца высока Недзе над барамі, Рэе-кружыць, нібы сокал Па-над трыснікамі, На прасторах Беларусі Долі след шукае… «Вы пастойце, белы гусі, Я вас запытаю…»

Частка пятая

І

На пабярэжжы азёрным, зялёным Павырасталі палацы магнатаў, Воддаль чарнеюць вузкія загоны, I валуны, і рыбацкія хаты. Неба заслала блакітам шырокім Наднарачанскія нівы і вёскі, Ціхі магільнік, крыж адзінокі Каля пахіленай ветрам бярозкі. Людзі жывуць у палацах ліхія, — Хлеба ў іх досыць, і хлеб без мякіны — Глыбака ўгрызліся ў нашу краіну, П'яўкамі смокчучы сокі жывыя. Толькі гаруе ўвесь бераг рыбацкі: Рукі крывавым пакрытыя потам, Твары абмыты слязамі сіротаў, Плечы намулены лямкай батрацкай. Нават і песні там іншыя, неяк Звоняць яны сіратліва над полем, Пераліваюцца скаргай жалеек, Сумам прадвечным па шчасці, па волі.

2

Выйшлі ўсе разам. Праз межы, праз поле З вёсламі моўчкі арцелі ішлі. З берага кагаркі Раптам ўзняліся, Зніклі ўдалі. Выплылі лодкі. — Смела ў дарогу! — Шчаслівы палоў! — Помніце — хлеба няма ўжо!.. Хваляў шум. Звон галасоў. З Нарачы выплыла сонца. Лодкі да сонца плылі. Біліся хвалі аб вёслы, Пеніліся і гулі. Дзеці, жанчыны, старыяI Сёння на бераг прыйшлі З віламі, з пешнямі. Сталі, чакаюць, калі Новыя выплывуць лодкі. — Што, усё яшчэ не відаць? — Мо толькі выплыве вёска адна?.. Нарач шуміць. Пільна угледзеўся Ў гатаўскі бераг Сымон, У бераг далёкі. Пеніцца сонца, і хваль перазвон. — Кагаркі, можа?.. — Не, лодкі! — Бачыце, бачыце! — бераг ажыў. Радасна бліснулі вочы, Быццам іх сонца прамень запаліў. Люблю твае, Нарач, затокі і тоні, Як вецер густыя туманы развесіць. Ці снежная пена на хвалях зазвоніць, Цалуючы зоры, калышучы месяц. Люблю, калі ў сонцы гарыш пазалотай, Раскінуўшы сінія хваляў палотны, Калі ў непагоду сумуеш маркотна З рыбацкаю песняй, з зялёным чаротам. Люблю твае буры, твае навальніцы. Ў іх чую, бы ў песнях, жыццё маладое. I хочацца блізка грудзьмі прытуліцца Да чорных ад гневу кіпучых прыбояў.

З

Як навальніцаю, хмараю шэрай Лодкі плывуць рыбакоў. Бурна шуміць нарачанскі ўвесь бераг I Гулам людскіх галасоў. — Рана сягоння прачнуліся, гады! — Бачыш, ляціць вартаўнік! — Трэба было б яго пешняй пагладзіць, Лодку загнаўшы ў трыснік. — Чуюцца знекуль ізноў адгалосы: — Эх, закіпела ўдалі! — Вернуцца сёння паны без калошаў! — Вёслы ў работу пайшлі! З вёскі, ў сярмязе расхрыстанай, шэрай, Быццам варона, ляцеў Полем, пасевамі солтыс Цяцера. — Рыбы, відаць, захацеў?! — Што, пане солтыс, чаго пан прыпёрся? — Кажаш, паліцыі шмат?.. I галасы, быццам жнівам калоссе, Зрэзаў нахлынуўшы град. Толькі чуваць, як калышацца шумна Возера каля чаўноў. — Бачыш, ідуцьярыною, праз гумны… — Будзе з паўсотні крукоў.

Стражнік

Хто вас тут склікаў?

Сымон

Ніхто. Прыйшлі самі.

Стражнік

Слухайце ж, рыбакі! Пешні кідайце, пакуль яшчэ з вамі Не загаварылі штыкі.

Сымон

Ты не гразі нам. Яшчэ ты замолад. Што нас пужаеш штыком? Мы ужо бачылі здзекі і голад Пад акупанцкім ярмом. Хочаш — страляй у мяне, у старога! Хай мяне зломе віхор. Толькі вам, каты, я гэту дарогу Загараджу да азёр.
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win