Шрифт:
— А ты?..
— Што я?..
— Ты стаў намеснікам камандзіра?..
— Не стаў.
— Сам не стаў, ці цябе не паставілі?..
— І не стаў, і не паставілі... Хіба ў гэтым справа?
— А ў чым?.. Ты ж сказаў, што ў цябе галава закружылася...
— Закружылася ў лесе... Пасля не кружылася...
— Ты ўжо не хацеў быць камандзірам?..
— Не хацеў... Ды які там камандзір...
— А калі б сапраўдны?..
— Гэта ж гульня...
— А ўсё астатняе?..
— Пра астатняе я і хачу ў цябе спытацца... Што ты на гэта скажаш?..
Я сам не чакаў такой размовы наросхрыст, напяўся: што яна прыдумае?.. Бо на такое нават старонняму чалавеку праўду сказаць — гэта ўмець трэба...
Яна адчула маю напятасць...
— Калі б ты ўсё ж камандзірам стаў... ці хоць намеснікам камандзіра... — пачала яна і спынілася. — Не, скажу тое, што думаю...
— І што ты думаеш?..
— Тое, што ўжо сказала...
— Што ты сказала?..
— Што я блядзь.
Я нават не зразумеў яе адразу... Гісторыю гэтую я ніколі і нікому не расказваў, яе толькі гэтак і можна было расказаць — уночы, у зачыненыя дзверы, за якімі даверліва гукаецца нехта, як рэха, якое затухне ў глухіх сценах, знікне — і як і не было нічога. Тут, на гэтай цёмнай лесвічнай пляцоўцы, я раптам распавёў невядома каму пра тое, пра што на светлых пляцоўках і не згадваў, стараўся не згадваць, каб забыць, і яно забылася, замглілася, не ўспаміналася, пакуль не ўсплыло ў казённа абстаўленай кватэры, куды паклікаў мяне Красевіч. Увесь той час, што прагаварыў я з падпалкоўнікам Панком, я глядзеў на яго і бачыў у ім пасталелага Юрку Жаваранка — у нечым яны нават падобныя былі. І мяне кручком падчапіла і ўжо не адпускала пытанне, якое раней, варушачы свае дзіцячыя і юначыя грахі, я і пытаннем не лічыў, бо яно здавалася выпадковым, як сам выпадак:
“Чаму ён з усіх мяне выбраў?..”
Бо я блядзь. Не блядун, а блядзь. А для бляцкіх спраў блядзей і выбіраюць.
Было яшчэ дзесяць... Гэткіх самых падшыванцаў, як і я... Большых і меншых, слабейшых і дужэйшых... Аднолькавых са мной... А выбраў ён мяне... І калі Юрка Жаваранак — выпадак, дык хто тады Шыгуцкі?.. Красевіч?.. Падпалкоўнік Панок?..
— Прасунь сваю трубачку...
— Каньяк скончыўся.
— А... Ну, не трэба...
— Гарэлку будзеш? Ці віно?..
— Гарэлку...
Яна пайшла ў глыбіню кватэры і доўга не вярталася. Мусібыць, вагалася, ці вяртацца. Я нават загадаў: вернецца — не вернецца... На яе месцы я б не вяртаўся.
Яна вярнулася з віном.
— Ён выпівае, вяртаючыся... А там гарэлкі ўсяго паўпляшкі. Падумае, што я выпіла...
— А пра віно не падумае?..
— Віно для яго не выпіўка...
Для каго яно выпіўка — віно?.. Крабіч яго проста вылівае. Хоць айчыннае, хоць французскае... “Ён (не помню, хто) праглынуў шамбэтрэн Кло-дэ-Бэз, як піва, працягнуў бакал за дабаўкай, і я наліў, радуючыся, што гэта не рышэбур...” Песня...
— Ты што там маўчыш?..
— Смакую... Смачнае віно...
— Смакуюць не шклянкамі...
— Няўжо шклянку высмактаў?..
— З верхам... Раскажы яшчэ што-небудзь...
— Табе не хапіла?..
— А што ты расказаў?.. Дзіцячую гісторыю нейкую... Можа, і перажываеш?..
— Праўду сказаць?..
— У нас ноч праўды...
Вось ужо нешта і ёсць у нас...
— Перажываю...
— Тады нашто расказваў? Ты п’яніца-мазахіст?..
— Не. Я і не п’яніца, і не мазахіст...
— А хто ты?..
— Ты ж сама сказала, хто...
— Нічога я пра цябе не гаварыла. Што я пра цябе ведаю?.. Я пра сябе сказала.
Нешта ўпала ў яе — мякка на падлогу шлэпнулася, і яна працягнула па-дзіцячаму пакрыўджана:
— Ну-у во-о...
— Трагедыя?..
— Бутэрбро-о-д... З ікрой паюснай... Я яе лыжкамі ем, так люблю, а тут апошняе намазала — і шлэп...
— Верхам уніз?..
— А то як... У блядзей усё так...
— Што ты на сябе нагаворваеш?.. Якая ты блядзь?.. Ты мужу хоць раз здрадзіла?..
— Ні разу... Не выйшла...
— Ну-у во-о... А туды ж, у блядзі... Заслугі нейкія трэба мець.
— Як у цябе?..
— Маіх табе не здабыць...
— І цяпер ты камандзір?..
Не абы якая дзяўчынка... Прасцей, чым Лі-Лі, чым Каміла, але не простая... Ды просценькіх па нашым часе — пашукаць...
— Больш, чым камандзір... Секс-гералісімус...
— Хто-хто?..
— Дачка мая лічыць, што я вярхоўны сексуальны настаўнік... Секс-гуру...
— У цябе і дачка ёсць?..
— І сын... Яму шаснаццаць.
— А ёй колькі?.. Ці хочаш, угадаю?..
— Ужо ўгадала...
— Дваццаць?
— Дваццаць...
— Абставіўся ты... А як дачка можа лічыць, што ты секс-гуру?..
— Па кітайскай філасофіі...
— Пры чым тут філасофія?.. Ты ж не спіш з ёй?.. Хоць я і пра такое чула...
Я таксама пра такое чуў... Віно змешвалася ўва мне з каньяком, падвясельвала, вызваляла і ад болю ў скронях, і ад усяго вызваляла, і ўжо дробязнай, смешнай здавалася толькі што расказаная, насамрэч дзіцячая, гісторыя — знайшоў што расказваць, з чаго гэта мяне пацягнула? — і малады, інтымна прыглушаны голас жаночы, сама прысутнасць жанчыны, хай за дзвярыма, але гэткімі тонкімі, што чуваць дыханне, плаўна зносілі мяне да таго, для чаго я, можа — няхай сабе бляддзю — і на пляцоўцы гэтай лесвічнай, начной, цёмнай, і ў непрасветным, бляцкім свеце гэтым з’явіўся, дзеля чаго, не шукаючы — лёсам, выпадкам — знайшоў Лі-Лі, толькі пра Лі-Лі больш ні слова, ні слова, не трэба болей пра Лі-Лі...