Лабух
вернуться

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

Я бачыў, што ўгаварыць Крабіча амаль немагчыма, але і адступіцца не мог. Змагар Крабіч быў патрэбны мне, з ім на пару — гэта не аднаму, ён заслоніць мяне, прыкрые. Адным пытаннем: “А чаму на сцэне Крабіч?” — прыкрые...

— Я не прапаную табе агітаваць за Красевіча, — сказаў я, як мог спакайней. — Будзе канцэрт, выйдзеш, прачытаеш вершы, як сто разаў чытаў, і ўсё. Што тут такога?

Крабіч нахіліўся да мяне, дыхнуў цыбуляў:

— Ты каго за дурня лічыш?.. І думаць не думай, каб я ў гаўно ўступіў. Нават за золата.

— Ён падумае, — сказаў брат-міліцыянт.

Алесь порскнуў:

— Ага... Можа, ты за мяне думаць будзеш?..

— Што і раблю! — прыстукнуў брат кулаком па стале. — Вот жа ў нашай сям’і вырадак!.. Галаву чалавеку праламаў — і хоць бы раз да яго ў бальніцу схадзіў!

Не раз, відаць, яны пра гэта гаварылі... Я падтрымаў брата.

— Праўда што... Хоць бы бананы занёс...

— Жыд не малпа, — сказаў Крабіч.

Тое самае Росцік казаў. Блізкія яны, жыды з нацыяналістамі...

— Як там Росцік? — спытаў усё ж Крабіч.

— Папраўляецца... Я ж тлумачу табе, што не ў Росціку праблема. Няўжо не разумееш?..

— Зразумеў бы, каб праблема ў ім была. А так ён скажа, калі нават суд будзе, што без прэтэнзій — і ўсё. І нашто мне гаўно бананавае есці?.. Каб з табой на пару? Каб ты адзін не еў?..

Крабіч не дурань, угадаў — і я не стрываў.

— Ты ледзь не забіў Росціка! Ні за што, з-за дураты, з-за мазгоў адпітых! Чалавека, які валэндаўся з табой, спускаў табе ўсё: як жа, Крабіч геній! А дзе ты геній? У хаце пры браце? Ты падумаў хоць раз, на хрэна ты Росціку здаўся? А я з Росцікам не проста сябрую, я разам з ім на жыццё зарабляю! І як угаварыў яго не пісаць заяву, так магу і адгаварыць!..

Дакрыкваючы, я ўжо шкадаваў, што крычу... Крабіч толькі пераканаўся з майго крыку, што ўеў мяне, і пракінуў насмешліва:

— А... Ну, адгавары...

— Дарма вы так, у вас жа сяброўства даўняе... — адразу насцярожыўшыся, стаў на бок брата-паэта брат-міліцыянт. — Я ж сказаў: ён падумае...

— Ты сказаў — не я сказаў! — адрэзаў Крабіч. — Давай шахматы расстаўляй, утраіх у шахматы не гуляюць...

Мяне выстаўлялі з даўнім сяброўствам, як Лідзію Паўлаўну з пыльным фікусам.

— Свіння ты, Алесь Аляксандравіч... — крыўдануў я і падняўся, не чакаючы, пакуль пальцам пакажуць на дзверы, на што Крабіч сказаў ціха, як сам сабе:

— Свіння — не сука.

— А я, значыць, сука?.. — зашыпела са спратаў, з таго, што было ўтоена, не дагаворана, выпаўзла з цемры, што блукала між намі, закруцілася на пыльным фікусе крыўдлівая змяя. — Мы столькі гадоў разам... мы сябравалі... пілі, гулялі, песні пісалі... я з гразі, з рыгаў, з дзярма цябе выцягваў — і сука?.. І цяпер прыйшоў выцягнуць — і сука?..

Мусіць, яны абодва заўважылі, як змяя мне горла перахапіла...

— Прыйшоў і ідзі сабе, калі не п’еш... — пахадзіў хоць і не назад, але і не наперад, убок пахадзіў Крабіч. — Сам жа ведаеш, што не магу я, калі п’ю, а са мной морды цвярозыя!.. Так і здаецца, што ці менты, ці правакатары.

Тут ён зноў угадаў — прычым, пра нас з братам абодвух — і змяя за хвост сама сябе ўкусіла. Мне цісканула, ламанула ў скронях...

— Дзе ты бачыў ментоў цвярозых?.. — спытаў міліцыянт. Ён ужо не ведаў, што сказаць, каб мы зусім не разлаяліся.

— Выцягваючы, выцягвай... — яшчэ трохі збочыў Крабіч. — А шыпець на змеялова без толку...

Міліцыянт падняўся:

— Можа, вады?..

— Што з табой?.. — занепакоіўся Крабіч. — Ды сядай ты, сядзі, хрэн з ім усім і з імі ўсімі...

Я ўдыхнуў глыбей, выдыхнуў — і трохі адпусціла... На нейкі момант здалося, нібы галава ўскіпела, а цела застыла ў лядзяш. Няпроста быць сукай...

Больш як дзесяць гадоў таму, на трыццацігоддзе, Крабіч надпісаў мне кнігу, якая называлася “Бог змеялова”.

“Ідучы, ідзі, а стоячы, стой.

Пакідаючы, пакідай, а вяртаючыся, вяртайся.

Жывучы, жыві, паміраючы, памірай,

А п’ючы,

Пі!..

І ўсіх, хто пакінуў,

І тых, хто вярнуўся,

Пасылай далёка, далей і далей, глыбей і глыбей, і яшчэ далей, і яшчэ глыбей —

Да самай-самай

ебені мацеры...

Твой крэўнік Крабіч”.

Я сказаў тады: “Дык крэўнік жа — крэўны вораг”, — і Крабіч спытаў: “А ты мне хто?.. — І абняў, калі я кнігу яму адкінуў. — Вучы мову крэўную. Жыві, у нас не Каўказ...”

Скрозь ламату ў скронях я нібыта нанава ўспомніў, на каго крыўдую без толку і з кім без толку лаюся... Паслаўшы Крабіча да той самай мацеры, я пакінуў яго на брата. Пасядзяць, пап’юць яшчэ і пра нешта дамовяцца, шахматысты. Страх турмы ў Крабічы, як ён ні выдурваецца, сядзіць. Турма — ебені маць, а не маці родная.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win