Шрифт:
Ці няхай Крабіча пасадзяць, навошта мне яго ўгаворваць? І — душа мая ў блядзях! — на што?..
У мяне поўны горад жонак, палюбоўніц, а адной з іх пад рукой не аказалася — і ісці, спяшацца ўночы няма куды і да каго. Хіба што Дартаньяна вывесці папісяць...
Нешта рабіць трэба з Лі-Лі, штосьці прыдумаць... Прападаючы, Лі-Лі, прападай... А не звані: “Табе не цікава нават, дзе я падзелася?..”
Паломвала ў скронях — змяя яшчэ пакусвала сама сябе за хвост — і дахаты павяло мяне не зваротнай дарогай цераз вакзал, а міма жандармерыі — паўз жылыя дамы палка ўнутраных войскаў. У адным з гэтых дамоў, пакуль па разводзе з Нінай разменьвалася кватэра, наймаў я пакой у знаёмага жандара: Крабіч мяне і Марту жыць да сябе не пусціў. Я папрасіўся, а ён адмовіў, і тым не менш прыходзіў да нас ці не праз дзень піць, вячэраць... Марта не ўсё разумела...
Не ўсё разумеў і жандар. Кватэру ён меў службовую, кватэрантаў пускаць яму нельга было. Ён, выходзіла, незаконна зарабляў на кватэрантах — і нехта на яго настукаў. Хутчэй за ўсё настукаў хтосьці з ягоных калег, з тых, хто хацеў і мог заняць вызваленую кватэру, а жандар чамусьці вырашыў, што гэта Крабіч, які яму не глянуўся, з якім ён аднойчы нават пабіўся... Нічога мне не сказаўшы, жандар дамовіўся са сваімі, каб Крабіча падлавілі п’яным, закінулі ў пастарунак і дазналіся, ці сапраўды настукаў ён... І Алесь прызнаўся, хоць не стукаў. Вядома ж, не стукаў, гэта яму не да галавы было, але прызнаўся. Яму ўперылі раз па рэбрах, два па нырках — і ён данёс, нагаварыў на сябе самога...
Разборкі ўчыняць праз тое ён не стаў:
— На сябе самога — не на некага!
Я гэтаксама меркаваў, а Марта думала не так, іначай.
— А якая розніца?.. На сябе нават горш. Ва ўсе часы ўсе злыдні таго і дамагаліся, каб чалавек найперш нагаварыў на сябе самога. Далей прасцей...
— Методыку карную спасцігаеш, — паспрабаваў пажартаваць жандар, з якім Крабіч прышоў мірыцца. — Нездарма немка...
Крабіч бездапаможна, скасавурана неяк зірнуў на Марту і прамаўчаў, адвярнуўшыся... І раптам кінуўся на жандара, з якім прышоў мірыцца:
— Марта не жартам сказала!.. Зусім не жарт сказала немка!..
І яны пакаціліся па падлозе...
Калі мы высяляліся ад жандара, Крабіч усё ж прапанаваў пажыць у яго. Марта адмовілася наадрэз.
З кім павядзешся, ад таго і набярэшся — і ад Крабіча я не толькі нукаў ягоных, але і яшчэ таго-сяго набраўся. Крабіч казаў, што варта рабіць толькі тое, чаго рабіць не варта. Што нікому не ў патрэбу, чаго сам ад сябе не чакаеш. Каб пасля ўзяцца за галаву, ківацца і думаць: ну што ж гэта такое я ўчыніў?..
Павярнуўшы да дома, у якім жылі мы некалі з Мартай, я падняўся на трэці паверх і націснуў кнопку званка каля дзвярэй злева.
Да дзвярэй падыйшлі, памаўчалі. Вочка ў дзвярах не было. Я помніў: дзверы былі такія тонкія, што вочка не ўрэзаць...
— Хто там?.. — спытаў жаночы галос. Не дзявочы і не старэчы, менавіта жаночы. Насцярожаны, але не палахлівы.
— Выбачайце, гэта кватэра Шалея?
— Якога Шалея?..
— Дзмітрыя Віктаравіча. Ён жыў тут...
— Калі?..
— Гадоў пятнаццаць...
— Гэта даўно... Даўно тут вайсковыя кватэры былі... Цяпер гарадскія.
Калі пятнаццаць гадоў для яе даўно, значыць, ёй не болей, як трыццаць...
— Дык цяпер не жыве?..
— Тут не жыве... А так, мусіць, жыве дзе-небудзь...
— Вы яго ведаеце?
— Не. Мужу ад работы кватэру далі...
На ўсялякі выпадак і пра мужа сказала, які дома — і калі што якое...
— Ад якой работы?
Голас здзівіўся.
— Вам нашто ведаць, ад якой?
Здзівіўшыся, голас падвысіўся, зазвінеў...
— Я выпадкова спытаў, прабачце... Ведаеце, голас у вас такі...
— Які?..
— Падобны на той, які я чуў, калі жыў тут... Я пакой наймаў у гэтай кватэры... Дабранач...
— Бывайце... — сказаў, разгубіўшыся, голас і спытаў адразу: — А вы што хацелі?
Хоць і галава баліць, але з голасам маім усё, як мае быць: жанчыны яму давяраюць...
— Нічога... Паглядзець.
— Што паглядзець?..
— Пакой, у якім жыў...
— Тут два пакоі...
— Я ведаю. Той, які без балкона...
— У любой кватэры ёсць пакой без балкона...
— Гэты без балкона з балконнымі дзвярмі...
— І таму вы захацелі ўбачыць яго?..
— Можа быць...
— Сярод ночы?..
Я зірнуў на гадзіннік: сапраўды было якраз сярод ночы, а поўначы...
— Днём не выпадае... — Я сеў да дзвярэй, упёршыся ў праёме спінай і нагамі. — А вам чаго не спіцца?..
За дзвярыма перамаўчалі, раздумаючы, ці адказваць... Калі адказваць — гэта ўжо размова. Сярод ночы невядома з кім... Нічога не вырашаўшы, даволі гучна спыталіся: