Лабух
вернуться

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

Па дарозе да Максіма Аркадзьевіча я ўспомніў выкрутасы Поля пры нашым змаёмстве, павіншаваў сябе з афішай у прыбіральні і падумаў, што толькі гэтага мне, підару, і не хапала...

Максім Аркадзьевіч не спаў, сядзеў на кухні і слухаў касету з дуэтам Лі-Лі і Поля. Дога ён, як толькі я ў дзверы пазваніў і назваўся, адразу ў спальні зачыніў, замітусіўся: “Можа, вып’ем?..” — “Вы ж не п’еце...” — “Ваш каньяк застаўся...” Я няёмка павінен быў бы пачуваць сябе перад чалавекам, ад якога звёў і дачку, і жонку, але мне пляваць было на ўсё і ўсіх, апроч Лі-Лі, я ў самім сабе не меў дзе быць, Максім Аркадзьевіч так і сказаў:

— Раман, мне здаецца, вы ў самім сабе не маеце, дзе быць.

Дзе можа быць Лі-Лі, ён не ведаў.

— Вы не знойдзеце яе, Раман... Вы згубілі яе — і ўсе згубяць. Яна занадта вялікі дар, каб некаму належыць.

Я паспрабаваў мазгі яму ўправіць:

— Максім Аркадзьевіч, ваша дачка прапала!

— Як вада хаваецца ў вадзе, так Лі-Лі хаваецца ў Лі-Лі, — сказаў на гэта Максім Аркадзьевіч нешта, мусібыць, з кітайскай філасофіі... Ён, мне здалося, папіваў не адно той каньяк, які ад мяне застаўся, і ціха ўзрадваўся, што я згубіў Лі-Лі, а пра тое, што яна магла наогул згубіцца, прапасці — і думаць не думаў. Ці думаў, што, калі Лі-Лі ўсе згубяць, яна да яго вернецца?..

Я пазваніў ад Максіма Аркадзьевіча першай сваёй жонцы, спадзяючыся, што да тэлефона падыйдзе Каміла, але пасля дзесятка гудкоў трубку ўзяла Ніна. Спрасонку яна доўга не магла скеміць, для чаго я падняў яе з ложка, спытала, скеміўшы: “А дачку сваю ты б гэтак шукаў?..” — і доўга будзіла Камілу, якая параіла мне не панікаваць і не шукаць сваіх палюбоўніц у былых жонак, бо за Лі-Лі водзіцца такое — прападаць.

— Я вас для больш простых адносін звяла, — сказала Каміла.

— Лі-Лі прападала раней?.. — спытаў я Максіма Аркадзьевіча. Ён адказаў, што кожны з нас, як толькі народзіцца, так прападае.

Заўважыўшы, што Максім Аркадзьевіч як цвярозы, так і нападпітку прыблізна аднолькавы, я ўсё ж наліў сабе кілішак, каб каньяк не прападаў.

— З чаго раптам прападае?

— Бо робіцца карысным для некага ці нечага... Для мяне, для вас... Для кахання, для нянавісці... Кожны прападае праз карыснае ў ім, а карыснае можна знайсці ва ўсім, таму не прападае толькі тое, чаго няма...

— А каньяк? — наліў я яшчэ кілішак. — Ён жа шкодны...

— Карысны... — не згадзіўся і выпіў са мной Максім Аркадзьевіч. — П’яніца разумее карысць бескарыснага... Радасць кветкі, якая не вырасла, таму яе нельга сарваць...

Я ўспомніў свой беспрабудны запой пасля разводу з Мартай: сапраўды пра нешта такое я запойна думаў... Адчуваў тужліва, што ўсе карыснае — парахня.

— Вы хіба п’яніца?

— Я філосаф...

— Гэта адно і тое ж?

Максім Аркадзьевіч падумаў і сказаў:

— Падобнае... Але не адно і тое ж.

— Тады скуль вы ведаеце, што разумее п’яніца?

— А вось гэта пытанне! — падаўся да мяне і ўчапіўся ў локаць Максім Аркадзьевіч. — Вы хоць трохі, хоць неяк уяўляеце, якое задалі пытанне?

Я ніяк не ўяўляў...

— Якое?..

— Ну, якое?.. — сціскаў ён так мне руку ў локці, што я ледзь вызваліўся, падумаўшы: “Ці не для гэтага патрэбная яму Лі-Лі?..”

— Выпадковае... Можаце не адказваць.

— Трэба адказаць, гэта важна! — занерваваўся Максім Аркадзьевіч. — Толькі як бы прасцей... — Ён паставіў побач два кілішкі. — Бачыце, яны ва ўсім абсалютна аднолькавыя. Але ўявіце, што яны мысляць... І тады адзін абавязкова думае, што ён не такі, як другі. Кожны думае, што ён не кожны, і так яно і ёсць, але той, хто спасціг дао, здольны быць кожным, сваім я ўвайсці ў я іншае... Я здольны быць Лі-Лі, быць не з ёй, а ёй!.. Быць п’яніцам, не п’ючы, разумееце?..

Я не стараўся зразумець і сказаў:

— Што ж, танна абыйдзецца...

Максім Аркадзьевіч уздыхнуў безнадзейна і напоўніў кілішкі, адзін з якіх думаў, што ён не такі, як другі.

— Паслухайце... — Магнітафон шчоўкнуў і замоўк, Максім Аркадзьевіч перавярнуў касету. — Вы чуеце, адчуваеце, якая радасць і воля?.. — Яму ўсё ж карцела нешта давесці мне. — Аднойчы старажытны кітайскі філосаф, гуляючы на беразе ракі, заўважыў, што радасць рыбы — прывольна гуляцца ў вадзе, а яму запярэчылі, што ён не рыба, каб ведаць, у чым радасць рыбы... Што б вы адказалі на ягоным месцы?.. — І, не чакаючы адказу, Максім Аркадзьеіч спытаў па звычцы сваёй без ніякага пераходу.
– - Паслухайце, Раман, калі б вы зусім адзін засталіся, што б вы рабілі на маім месцы?..

На гэта я мог адказаць.

— Шукаў бы тых, з кім быў не адзін.

— А хіба тады, калі вы былі з імі, вы былі не адзін?..

Раптам ён не спадабаўся мне, зусім не спадабаўся.

— Вы ананізмам калі-небудзь займаліся, Максім Аркадзьевіч?

— Не! — адказаў ён паспешліва, хоць, канечне ж, займаўся. — Чаму вы спыталіся?

— Бо вы падобны на член, які сам сябе дрочыць.

— Як гэта?.. — па-філасофску не зразумеў Максім Аркадзьевіч.

— Гэта ў кітайскі старажытны спосаб, — сказаў я, зачыняючы за сабой уваходныя дзверы, за якімі ў дуэце з Полем калыхаўся, падаў і ўзлятаў голас Лі-Лі, якую шукаць сярод жывых — я не ведаў, дзе?..

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win