Шрифт:
— А як?
— Якая розніца?..
Сапраўды, якая, калі не Раман... І добра, што не Раман... Не Раманчык.
— Ніякай. Добра, што не Раман...
— Вы, значыць, Раман?..
— Раман Канстанцінавіч...
— Бо вам сорок два...
— Бо мне сорак два...
— Што ж, вып’ем за знаёмства...
Яна высунула кончык трубачкі, з якой цягнуў я доўга — галаву ад каньяка адпускала.
— Ого...
— Што ого?..
— Паўшклянкі... Вы п’яніца?
— Я лабух.
— Хто?..
— Музыкант.
— Тады п’яніца... На чым вы граеце?..
— На ўсім...
— Так не бывае. На ўсім ніхто не грае...
— Я граю...
— А дзе вы граеце?..
— У рэстаране... Лабухі ў рэстаранах граюць.
Я падумаў, што зараз яна ўздыхне з жалем, пачуўшы пра рэстаран, і яна з жалем уздыхнула:
— Весела вам...
— Не.
— Чаму?
— Не ведаю...
— Бо вам сорак два?..
— Бо мне сорак два...
— І вы не Раман, а Раман Канстанцінавіч?..
— І я Раман Канстанцінавіч...
Мне здалося, што яна спрабуе зазірнуць у шчыліну замка... На лесвічнай пляцоўцы было амаль цёмна, лямпачка гарэла паверхам ніжэй.
— Хочаце, я вас Раманам буду называць?.. І на ты... У мяне муж, як ты...
— Называй... Ты ўжо называеш...
— І пытацца буду...
— Пытайся...
І нечакана яна спыталася:
.— Раман, а ў цябе раманы цяпер толькі праз дзверы?..
Я падумаў і сказаў:
— Маёй таксама дваццаць.
— А-а... — у другі раз працягнула яна з бабскімі ноткамі. — І ў цябе праблемы...
— Не ў гэтым...
— А ў чым?
— Шмат у чым, але не ў гэтым... Хочаш, гісторыю адну раскажу?
— Пра сваю?.. Якой таксама дваццаць?..
— Не.
— Тады хачу...
— Гісторыя доўгая...
– - Не даўжэйшая за ноч?
— Не даўжэйшая... Яна і была ўночы...
Гэта зацікавіла яе.
— Ну?..
— Дай яшчэ выпіць... І прыпаліць, у мяне патухла...
У адтуліну высунуўся кончык трубачкі, а за ёй, калі я выпіў, паказаўся агеньчык цыгарэты... Нешта ёсць у гэтым — праз дзверы.
— Гульня такая піянерская была, ваенная...
— Ваенная?...
— Я ж кажу: гульня... “Зарніца” называлася. Ты не застала?..
— Не паспела... І што?..
— І нас, дванаццаць хлапчукоў, нібыта разведчыкаў, у адной палатцы размясцілі. Камандаваў намі Юрка Жаваранак, на год старэйшы за нас. Мы ўсе ў шостым класе вучыліся, а ён у сёмым. Здаровы быў такі, ледзь не мужыком глядзеўся. На другі дзень ён паклікаў мяне, мы адыйшлі ў лес, і Юрка сказаў, што хоча прызначыць мяне сваім намеснікам. Намеснікам камандзіра. Бо толькі са мной можа ў разведку пайсці, астатнім не давярае... У мяне галава закружылася.
— Ты п’яніца...
— Не цяпер, тады закружылася... Гэта табе не жарты: намеснік камандзіра разведчыкаў. І нават болей...
— Што болей?..
— Юрка нібы сумняваўся, ці можа ён сам быць камандзірам. Ці мае такое права, калі падазрае, што ўсе астатнія, апроч мяне, яму таксама не давераюць. А недавер байцоў да камандзіра ў такой справе, як разведка — верная пагібель. Таму, калі недавер сапраўды ёсць, ён гатовы стаць радавым, аддаць мне сваё камандзірства. Але для гэтага трэба дазнацца, як яно насамрэч: давяраюць байцы яму, ці не давяраюць. Што наогул яны пра яго думаюць... Ты слухаеш?
— Слухаю... А як даведацца, што пра цябе нехта думае?..
— Ён і падвучыў мяне, як... Сказаў, што ёсць такі прыём разведчыцкі...
— Які?..
Яна яшчэ болей зацікавілася...
— Пасля адбою, калі ўжо клаліся спаць, Юрка ўсім наманіў, што яму трэба на камандзірскі савет, дзе яго, мусіць, здымуць з камандзіраў. Прызначаць камандзірам нашым некага іншага. Ён пайшоў з палаткі, а я, як мы з ім і дамовіліся, разгаварыў байцоў. Спытаўся ў кожнага, што ён пра Жаваранка думае. Варты Жаваранак таго, каб быць нашым камандзірам, ці не...
Тут яна перапыніла мяне, спытаўшы здзіўлена:
— Ты разумеў, што робіш?..
— Разумеў.
— Так, як зараз?..
— Не так, як зараз... Але разумеў...
— І што выйшла?..
— Хто што казаў...
— А Юрка не пайшоў нікуды?..
— Не пайшоў... За палаткай стаяў з боку лесу... Потым тых, хто казаў пра яго кепска, па адным адводзіў у лес і біў... Штоночы вадзіў і біў...
Я зацягнуўся згарчэлай цыгарэтай, мне ўспаміны гэтыя не ў слодыч былі, а яна спытала: