Лабух
вернуться

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

— Добра, падумайце, — як некалі Мікалай Іванавіч, згадзіўся на гэты раз Віктар Васільевіч. — Толькі не доўга, бо з Крабічам вашым нешта таксама вырашаць трэба. Калі вы раптам адмовіцеся, мы яго пасадзім. А нам бы хацелася, каб вы яго выручылі, ён сярод нацыяналістаў фігура не апошняя... — І Панок кіўнуў балванчыку кітайскаму. — А ты даручэнне не забудзься выканаць.

— О! — ледзь не з гонарам заспяшаўся выконваць даручэнне Красевіч. — Мне даручылі перадаць вам, Раман Канстанцінавіч, абавязкова вам сказаць, што вы можаце назваць адпаведную суму... У разумных межах, але і без лішняй сціпласці.

“Сціпласць — якасць някепская, а ўсё ж цану сабе трэба ведаць...” — зноў успомніўся Мікалай Іванавіч, чалавек без прозвішча... Я глянуў на Панка, упэўненага ў сабе, у той сіле, якая за ім, і спытаў:

— Дык вы мяне, значыць, не вярбуеце?..

— Для чаго нам вербаваць вас у трэці раз? — шчыра здзівіўся і ледзь не па-сяброўску прыабняў мяне ва ўсім адкрыты падпалкоўнік Віктар Васільевіч Панок. — Ці вы думаеце, што тыя, савецкія вярбоўкі ўжо не ў залік? Памыляецеся, Раман Канстанцінавіч, памыляецеся...

— Выходзьце першым, я пасля, — пайшоў мне дзверы адчыняць Красевіч, але Панок перакруціўся: “Наадварот...” — і выпусціў Красевіча. Неяк так у яго гэта выйшла, што спачатку Красевіч, а я за ім — як у фокусніка, ці нібы па інструкцыі нейкай прадпісана так было. І ён сказаў мімахадзь, як пра неабавязковае, проста таму, што мы засталіся: “Я тут падумаў: можа, не лішне было б вам з вашым сябрам спаткацца?.. Што называецца, не ў службу, а ў дружбу. У нас пашпарт ягоны, ён амерыканскі грамадзянін, а нашто нам з амерыканцамі скандаліць? Вы б і яму, і нам дапамаглі...”

Фелікс, значыць, не з’ехаў. Яны ў яго пашпарт забралі.

— Што ж я са шпіёнам сустракацца буду?

— Ды ну які шпіён!.. Гэта я вас пастрашыць... Ён зразумеў нас не так — ды й нашы накінуліся, як на шпіёна. Вучыць іх не вывучыць... А мы пагаварыць з ім хацелі, ён вучоны — і не абы-які. Размова без прэтэнзій, некалькі кансультацый... Дык як?

За гэтым нібыта не было нічога такога... Хіба толькі яны знайсці не могуць Фелікса.

— Ну, я не ведаю... Я не ведаю, дзе ён.

— Мы ведаем. Думаем, як лепей зрабіць... Каб ён не запанікаваў, вам лепей знайсці яго не праз нас, самому. Праз сястру ягоную, яшчэ праз каго...

Праз каго гэта яшчэ?..

І чаму самому?.. Каб падлавіць мяне на гэтым, як Поль на Джагеры?.. Нешта тут не стыкавалася: мы ведаем — а вы самі знайдзіце.

— Калі ведаеце, дык скажыце, я Феліксу не скажу, што вы сказалі...

Панок мяне болей не затрымліваў:

— Ён здагадаецца.

Хрэн іх разбярэш, гэтых гэбістаў. Што ні спытай — і нібыта ёсць, і няма адказу. І ўсё ж я паспрабаваў спытаць мімахадзь, як пра неабязковае, проста таму, што мы засталіся:

— Не ў службу, а ў дружбу: скуль у вас фотаздымак?..

— Ад службы, — па плячы мяне паляпаў, выпускаючы, Панок. — З дружбай у нас з вамі пакуль так сабе, але, паверце, наладзіцца... — І шапнуў на вуха, падміргнуўшы. — Тады, можа, і пра службу скажу.

Гуляецца, як кот з мышшу.

Я выйшаў на вуліцу — і нечакана для сябе самога азірнуўся па баках...

У мяне пачыналася патаемнае жыццё.

Як у Зоі патаемная прастытуцыя.

Дажыўся лабух.

Купіўшы ў шапіку цыгаркі, лабух сеў на лаву, закурыў...

Ён рэдка закурваў. Гэтак рэдка, што толькі тройчы: пры разводах двойчы і перад смерцю аднойчы.... Закурыўшы ў чацвёрты раз, лабух глядзеў, як вецер зносіў дым з цыгаркі, і думаў: за што?..

За Лі-Лі?..

X.

Я лабух, для публікі граю амаль на ўсіх інструментах, клавішных, духавых, струнных, але, калі жыццё падціскае, і я не ведаю, што мне ў ім рабіць, сам для сябе я граю на скрыпцы. Для некага — на трубе, а сам для сябе — на скрыпцы.

Скрыпка наогул не для лабуха, але што ж, калі яна ў мяне ёсць...

Яна ў мяне ёсць і, калі я граю на ёй сам для сябе, я граю канцэрт Брамса, музыку, якую лабуху сыграць — пальцы зламаць. Брамс ніколі скрыпку ў рукі не браў і скрыпічны канцэрт напісаў нібыта супраць скрыпкі — на пераадоленне. Выкручваючы пальцы і бязбожна фальшывячы, я граю Брамса, спрабуючы пераадолець у сабе Лі-Лі. У другой частцы канцэрта тэма скрыпкі нават не асноўная, у аркестры яна ў габоя, а скрыпка то ўсплывае, то знікае, і я граю, каб адчуць, што будзе, калі голас скрыпкі, голас Лі-Лі раптам зусім знікне.

Я адчуваю, што Лі-Лі знікае... Таму лепш мне гэтага не чакаць — і знікнуць першым.

Ніна, калі жылі мы разам, сама для сябе — каб я слухаў — грала Бетховена. Ну, яна скрыпачка... Бетховен, між іншым, граў на скрыпцы гэтаксама, як і Брамс, ніяк не граў, але ягоны канцэрт для скрыпкі кожнай нотай — як найзручней — пад пальцы сам кладзецца. Таму Ніну зразумець можна, а Брамса з Бетховенам... Я думаю, што яны па-рознаму кахалі адну і тую ж жанчыну.

Скрыпка — высокародная, вытанчаная жанчына, ні ў чым не здольная спрасціцца праз сваю дасканаласць. Яна настолькі дасканалая, што ўдасканаліць яе немагчыма. Яна, як дао. І ў абсалютнай дасканаласці яе драма.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win