Шрифт:
— Мне тады бабку!.. — І радуецца, што Ніна бабку не выбрала, а Камілу ён апярэдзіў, нібы нельга дзве бабкі заказаць... Беларус, хоць і паліглот, і хакер, і нямецкі пасынак.
Каміла раптам пытае:
— А Лі-Лі карміць будзем?..
Я не чую.
— Табе што, Каміла?
— Мне тое самае, што Лі-Лі і Полю.
Каміла і не немка, і не беларуска... Сумесь грымучая... Я не разумею, як такая ў Ніны магла нарадзіццца... Але звычайна яна за мяне, якая муха яе ўкусіла?..
— Лі-Лі і Поль шашлык з’ядуць.
— Тады і мне шашлык.
— Каміла...
— А, не ўгадаў?.. Шашлык!
Бармэн тым часам паспявае распарадзіцца, каля стала вырастаюць два афіцыянты, адзін з іх ставіць перад Камілай шашлык, які я для сябе заказваў, і абыходзіць стол.
— У каго рулька?
— Брава! — не стрымаўшыся — жывая, ведаю я яе! — пляскае ў далоні Марта. — З’ем, хоць лопну!
— Мачанка?.. Бабка?.. — пытае другі афіцыянт, ставячы мачанку перад Робертам і бабку перад Нінай. “Наадварот”, — кажу я афіцыянту. “Ну, ты даеш!..” — кідае мне Роберт і, не чакаючы, пакуль тое зробіць афіцыянт, таропка перастаўляе патальнічку з мачанкай да Ніны і гаршчэчак з бабкай да сябе. Ніна ўсміхаецца — нарэшце яна ўсміхаецца! — а мне дастаецца смажаная стронга, заказаная для Камілы.
— Каміла, ты ж рыбу любіш... — спагадліва і якраз у час, усміхаючыся, кажа Ніна, якая нарадзіла сабе такую дачку.
Каміла павержаная... Яна сапраўды любіць рыбу, асабліва смажаную стронгу, але зараз ёй рыбу не есці: хай ведае, як бацьку ўпоперак ставаць...
Павержаная яна не доўга. У яе, як і ў Лі-Лі, проста ўсё вырашаецца: адну рэч узяў — і на месца другой паставіў.
— Давай памяняемся, — забірае ў мяне стронгу Каміла, і я расцэньваю гэта як мірнае пагадненне пасля незразумелай для мяне лакальнай вайны. Ну, калі мір, тады хай сабе есць рыбу...
— Раман, а як ты ўсё ўгадаў?.. — здзіўляецца Ніна. — І мачанка з кілбаскамі і рэбрамі...
За гады без мяне Ніна шмат чаго пра мяне забылася.
— Ты забылася, што ён артыст, — кажа Марта.
— Лабух, — удакладняе Каміла.
— Выступальшчык, — падыйграе Роберт. — Выступай, але ж не з шампанскім пад бабку...
Я наліваю яму кілішак гарэлкі — у ягоныя гады, граючы на вяселлях, я піў яе шклянкамі.
— Роберт?.. — падымае брыво Марта.
— Я люблю вас усіх, — падымаю я шампанскае. — І хачу, каб мы ўсе сустракаліся. Хоць бы зрэдку...
— Можна і часцей!.. — спешна чокаецца са мной Роберт, куляе кілішак і накідваецца на бабку, а Марта, апусціўшы брыво, пытаецца:
— І што з гэтага будзе?
— Нармальны гарэм, — абсмоктваючы плаўнікі стронгі, выстаўляецца Каміла. — Наш бацька, ваш старэйшы муж — нармальны бусурманін. Вунь і жонка малодшая пры мангале нармальна чакае, пакуль ён з дзвюма старэйшымі дамовіцца...
Ніна недаўменна азіраецца.
— Якая жонка? Там Лі-Лі з Полем...
— Ой, мама... — аблізваецца Каміла і адрывае стронзе галаву.
Не, сёння яна не за мяне... Дарма я рыбай з ёй памяняўся.
— Не спраўлюся адна... — бярэцца за рульку немка. — Шкада, што муж мой малодшы не пры мангале, а то б я паклікала.
Не ўтрывала ўсё ж...
— Гарэм... мангал... — апякаецца Роберт гарачай, што вішчыць яшчэ ў гаршчэчку, бабкай. — Ну і што, хай сабе, жылі б усе разам...
Я кажу:
— Малодшыя пачакаюць...
— А ты б з кім жыў? — пытае ў Роберта Каміла, і Роберт адказвае:
— З Полем.
У Ніны відэлец падае з рук, а Марта глядзіць на мяне:
— Раман, у цябе праблемы?
Гэта ў мяне праблемы?.. Зрэшты, так, праблемы, але не можа быць, каб мой сын — і гомік... Яму ўсяго шаснаццаць, ён мастурбіруе, ён яшчэ ніхто...
Відэлец плёхае ў патальнічку з мачанкай, Ніне пырскае на блузку, якраз на грудзі, а грудзі ў Ніны...
Калі разводзіліся, Ніна фотаздымак парвала: стаіць голенькая, рукі ўгору, роўненька выцягваецца на цырлачках — і скрыпка ляжыць на грудзях... Некалі здымак той я ў часопіс “Савецкае фота” ледзь не даслаў. Твар Ніны ў профіль на ім і прыхаваны валасамі, не пазнаць, але Крабіч сказаў, што савецкія музыканты Душку ўсё адно пазнаюць.
Прафесар Румас, якому было ўжо два разы за сорак, і ад гена кахання ў ім адна радыяцыя засталася, а тут Ніну ў кансерваторыю занесла па класе скрыпкі вучыццца, трагічна рукі заломваў: “Для чаго чалавека Бог стварыў?!. Для сексуальнай катастрофы?..” І ўздыхаў, гледзячы на Ніну: “Вы не скрыпачка, вы душка... Грайце, я палюбуюся...”
Гэтая душка так да Ніны і прыстала.
Душка — круглая палачка яловая, што ставіцца ў распор у корпусе скрыпкі паміж ніжняй і верхняй дэкамі. Душка надае корпусу жосткасць, але не гэта галоўнае: яна перадае вібрацыю верхняй дэкі ніжняй — і наадварот, стварае рэзананс. З душкай скрыпка спявае, без яе — ледзь дыхае. Выбіць душку — вынуць са скрыпкі душу.