Шрифт:
На большую палову заўсёды спазняешся праз некага. У каго найчасцей і клопату ўсяго да цябе — нагу задраць...
Лі-Лі забягала за гадзіну перада мной. Няўлоўная, як страчаная... Пакінула запрашэнні на шоу. Фірмовыя запрашэнні: у канвертах, на глянцавай паперы... І скуль яна грошы ўзяла, такая хуткая?
Калі я шукаў Лі-Лі ў тэатры моды, дырэктарка сказала, што прэм’ера шоу будзе ў іх, але зараз сцэна ўвесь час занятая — і для рэпітыцый далі Лі-Лі нейкую асобную пляцоўку. Недзе ў самым цэнтры. Я спытаў: “Хто даў?..” — і дырэктарка бровы ўскінула: “А то вы, Раман Канстанцінавіч, не ведаеце...”
— У рэальнасці круціцца, — ткнуў пальцам уверх Максім Аркадзьевіч. — А вы ўяўляеце яе, як сон... І правільна.
— Чаму, як сон?.. І чаму правільна?..
— Бо алмаз, які ў сне бачыш, і сам нікому, каб і хацеў, не аддасі — і ніхто ў цябе забраць яго не можа.
Я ўспомніў Атоса, які ў косці гуляў на алмаз д’Артаньяна. Толькі ўбачыў, што ў д’Артаньяна ёсць алмаз — і стаў на яго, без ведама гаспадара, гуляць. З англічанінам, які таксама той алмаз толькі бачыў у д’Артаньяна. І калі назаўтра, дазнаўшыся, як алмаз ягоны пераходзіў з рук у рукі ад Атоса да англічаніна, д’Артаньян самлеў: “Атос, клянуся, вы звар’яцелі!..” — мушкецёр заўважыў: “Вам, д’Артаньян, трэба было сказаць мне пра гэта ўчора...”
Максіму Аркадзьевічу пра сны алмазныя трэба было б расказаць мне да таго, як я ўбачыў Лі-Лі... І падумаў, што паставіць магу на алмаз, яго толькі ўбачыўшы... У гульні, як кажа Крабіч, жаданняў.
Я спытаў:
— А як жа страсці?.. Жаданні?..
— А што жаданні?.. Мы хочам не старэць — і старэем, не хочам паміраць — і паміраем. Жыццё ідзе насуперак нашым жаданням.
Кітайская філасофія не вучыць жадаць.
— А чаму мы самі ідзем насуперак жаданням?
— Бо жаданні — жыццё без нас.
— Як гэта?
Максім Аркадзьевіч зморшчыўся — нібы я балеў яму, як зуб.
— Ды вы не зразумееце... Для вас — як журавель у небе. Не думайце, што ўсё так проста — і на ўсё ёсць адказ.
Я так і не думаў... Калі жыццё ідзе насуперак нашым жаданням, а мы — жыццё, дык і самі мы ідзем насуперак нашым жаданням — і ўсё нармальна. Мы баімся жыцця, а ў ім — саміх сябе... Ці наадварот, хто яго ведае.
— Мы і ёсць жыццё... Хіба не?
— Ніякае вы не жыццё, — буркнуў Максім Аркадзьевіч. — Вы...
Ён не дагаварыў, не сказаў тое, што хацеў сказаць — пайшоў насуперак сваім жаданням. Не ішоў бы ім насуперак — даўно б даў мне па мордзе.
Можа, яшчэ і дасць...
— Я без Лі-Лі не жыццё... І калі страчу яе, дык жыццё будзе ў некага... Хоць бы ў вас, а нашто мне ваша жыццё?
Максім Аркадзьевіч не стаў біцца, наліў па кілішку.
— Прачніцеся.
— Я не сплю... Гэта адзін мой знаёмы, які зараз спіць, прысніў, нібы страціў дачку. Прыдумаў, што пахаваў яе, а яна жывая.
— Не пахаваў я Лі-Лі...
— А мой знаёмы?.. Ён вар’ят?
Я ўгадаў стан Максіма Аркадзьевіча, раз ён пра сябе і Лі-Лі падумаў. Толькі ён не хацеў, каб я ўгадаў.
— Малайчына ваш знаёмы.
— Чаму?
— Бо казаў я вам: у сабе не займей, дзе быць. І ваш знаёмы ў сабе стварыў пустату. Зрабіў спробу стварыць. Толькі ў пустаце ўсё можа быць і пераўтварацца бясконца. Гэта вам, думаю, не так цяжка зразумець, бо вы музыкант. Музыка — пустата.
— Так вучыць кітайская філасофія?
— Нішто і ніхто так не вучыць. Так ёсць.
— Тады што мы слухаем?
— Слухаем мы Лі-Лі... Госпадзі, ды вы пачулі ўсё не так! Зусім не так!.. — І Максім Аркадзьевіч дагаварыў, як за ім вадзілася, без аніякага пераходу. — У вас праблемы, Раман! Лі-Лі не сказала, якія, але я зразумеў, што сур’ёзныя, і яна неяк дапамагчы вам спрабуе — не ўцягвайце вы яе! Не для таго яна, зусім не для таго! — ці ўсё адно вам, для чаго яна?.. І вы прыехалі на ўсю ноч з сабакам, каб і я на вас стараўся?
Ён так выскачыў, як я не чакаў... Даць па мордзе мне доктар філасофіі не даў, але спробу зрабіў.
— Не ўцягваю я нікога...
— Як нікога?.. А чаму Зоя ў Маскве? І дзе яшчэ Лі-Лі будзе? Дайце ёй вырвацца з вас, яна хоча вырвацца!..
— Скуль вам ведаць?
— Ад яе! Ці думаеце — я з Лі-Лі не размаўляю? Страціў яе? Пахаваў?..
Па такую размову я не ехаў і, пакуль не далі па мордзе, падняўся.
— Пайду... Світае...
— Ідзіце, — нервова ўключыў і выключыў магнітафон Максім Аркадзьевіч. — Прыйшлі, пайшлі... Ва ўсіх шляхах адзін і той жа шлях.