Шрифт:
Алік зніякавеў, хоць цалавацца яго вучылі і Зіначка, і Лі-Лі.
Гледзячы на Зіначку, можна было паверыць, што яна болей за ўсё на свеце любіць рамонкі... Калі я дарыў кветкі Марце, Марта казала: “Вазьмі вазу і пастаў дзе-небудзь...”
Каб я не думаў, што магу нешта крануць у ёй такой драбязой.
Рэдкая жанчына. Нават сярод немак.
— Паехалі, — сказаў я таксісту. — Праз магазін.
У вітрыне магазіна стаяла лялька з тортам на руках. Не манекен, лялька — ростам з Зіначку і падобная на яе. Грудкі тырчком, спінка роўна, попка кругла...
— Вы што, гэта афармленне! — ледзь бровы не зламала прадаўшчыца, нібы я не ляльку, а яе купіць надумаў. Давялося ісці да дырэктара — я ўжо не бачыў іншага падарунка.
— Ой... — толькі і змагла выдыхнуць Зіначка, калі я пасадзіў побач з ёй ляльку, а таксіст сказаў:
— Як з секс-шопу... Гумовая?
— Як сястра... — здзівіўся Алік.
— Гэта мне?.. — асцярожна пагладзіўшы ляльку па валасах, спытала Зіначка. — Я для вас больш не лялька?..
— Не лялька, — адказаў я. — Ляльчына сястра.
Па Чыгуначнай праязджалі міма Грушаўкі, на тралейбусным прыпынку прамільгнулі Крабіч з братам-міліцыянтам. Брат быў у форме і трымаў Крабіча пад локаць — Крабіч, мусібыць, не цвёрда стаяў на нагах. Збоку можна было падумаць, што яго затрымала міліцыя. Збоку шмат пра што можна падумаць не так, як яно ёсць на самой справе.
— Чакайце, — папрасіла Зіначка, калі мы пад’ехалі да яе дома ў канцы вуліцы і падняліся да дзвярэй кватэры. — Падыміцеся яшчэ на пралёт...
Яна паставіла ляльку перад дзвярыма, пазваніла і ўзбегла да нас.
У адрозненне ад тых дзвярэй, праз якія кахаўся я з Ліляй, гэтыя былі з вочкам, у якое глянулі і адчынілі.
— Ключы згубіла?..
Зіначка далонькі на грудзях сціснула ў захапленні.
Я хоць і так сабе кампазітар, лабух, але з абсалютным слыхам. І я адразу ўспомніў голас, які спытаў: “Ключы згубіла?..” Пералівіста-віхлясты і адначасова млявы, безнадзейны...
Маці Зіначкі пазнала ў ляльцы дачку, а я ў голасе — Стэфу. Адну з выпадковых спадарожніц жыцця, з якімі сустракаўся на Грушаўцы ў доме Крабіча.
Кругамі водзіць нас жыццё...
“Ой, як мамка ўзрадуецца!..”
Хударлявая, маленькая жынчына ў дзвярах толькі аддалена нагадвала Стэфу... Яна змянілася болей, чым яе голас... Значна болей...
— Ты ў чым гэта апранутая?.. — ступіла да лялькі Стэфа, кранула яе, і лялька павалілася дагары — галавой аб прыступкі. — Божа мой! Зіна!
Стэфа, нічога яшчэ не разумеючы, кінулася да лялькі, падняла, ашаломленая...
— Гэта лялька, мамка! — скацілася ўніз Зіначка і паспела падхапіць маці, якая страчвала прытомнасць. — Лялька, падарунак!..
Мамка ўзрадвалася так, што не адразу ачомалася. Яна і ў маладосці была ўражлівай: канчаючы, амаль заўсёды плакала... Млява, безнадзейна...
Пакуль я вагаўся, пазнаваць мне яе пры Зіначцы, ці не, Стэфа, ачуняўшы, без ніякіх ваганняў сама мяне пазнала.
— Жартачкі ў цябе, Раман... Зіна расказвала, як ты ў бальніцы ляжаў... — І яна рассмяялася. Як і раней, калі, адплакаўшы, пачынала смяяцца. Пералівіста-віхляста...
Крабіч сцвярджаў, што ў Стэфы шаленства маткі, бо канчала яна ненасытна. Плакала і смяялася, плакала і смяялася.
— Пра смешнае расказвала?..
— Пра відэлец! — з асалодай сказала Стэфа, і Зіначка ўспыхнула:
— Мамка!
Добра, што не пра шпрыц...
— А ты, значыць, Алік?.. — не звярнула ніякай увагі на рэакцыю дачкі Стэфа і пагладзіла па шчацэ Аліка, які стаяў, так учапіўшыся ў сваю сумку, нібы трымаўся за яе. — Бедненькі... Ты ў нас жыць будзеш?.. З лялькай?..
Толькі зараз я заўважыў, што Стэфа п’янаватая.
— Зіну бацька павіншаваць заходзіў... — сама сябе заўважыла ў тым, што падпіла, Стэфа, садзячы нас за стол, за якім трое ўжо, як відаць было, пасядзелі. — Выпіў і пайшоў.
Зіначка падціснула губкі і хуценька прыбрала са стала.
Кватэра была маленькая. Раскладны стол з шасцю крэсламі, пастаўлены пасярэдзіне, займаў амаль увесь пакой. Астатняе займалі тэлевізар, дыван і шафа. Злева ад шафы — дзверы ў яшчэ адзін пакойчык. Пенальчык — я такія кватэры ведаў. І дзе тут яны збіраліся Аліка з лялькай сяліць?..
Ляльку Зіначка, не знайшоўшы ёй іншага месца, пасадзіла з намі — на крэсла насупраць сябе. Цікавая выйшла кампанія.
— А хлеб вы ўзялі?.. — спытала Стэфа, калі Алік дастаў з сумкі каньяк з шампанскім і цукеркі — джэнтэльменскі набор, які прыкупіў я да лялькі. — Бацька ўвесь хлеб з’еў, я галодная...