Шрифт:
Каралёў. Паехалі!
Юля. Не.
Каралёў (дастае з партманета некалькі зялёных банкнотаў, кладзе іх на бакал). Ладна, давай так… Я пайду за шампанскім, а ты за гэты час пе-ра-ду-ма-еш… О’кэй…
Юля б’е Каралёва па шчацэ і выходзіць.
Каралёў (ашалела). Яна ўдарыла мяне… Яна мяне ўдарыла… (Машынальна бярэ бакал Юлі і выпівае.) Якая гадасць!
Дом Каралёва. Раніца. Каралёў у вопратцы спіць на падлозе. Валяюцца бутэлькі, паміж імі сотавы тэлефон. Ён і звініць. Доўга звініць. Каралёў прачынаецца, бярэ тэлефон.
Каралёў. Слухаю… Які пацан? А колькі яму гадоў? Ну, прыкладна! Праверылі ўсё? Хай заходзіць…
Каралёў знаходзіць недапітую бутэльку, налівае ў бакал, п’е. Уваходзіць Кім, трымаючыся за нос.
Кім. Дзень добры…
Каралёў. Салют! Што скажаш?
Кім. У вас сурвэткі няма?
Каралёў (дастае насоўку). На… I што з табой?
Кім. Капіляры знаходзяцца блізка каля сценкі носа… Пры нязначным узрастанні напружання лопаюцца… Гэта ў мяне з дзяцінства… сястра кажа, што калі мне паказаць здалёк кукіш, у мяне з носу пальецца кроў.
Каралёў (бярэ тэлефон, націскае кнопку). Навошта ТЫ ЯГО біў?
Кім. Ён мяне не біў!
Каралёў. Заткніся! (У трубку.) Я цябе пытаюся, урод, навошта ты яго біў? Ах, проста нос паміж пальцамі сціснуў… (Да Кіма.) Колькі табе гадоў?
Кім. Трынаццаць.
Каралёў (у трубку). Выйдзеш за вароты і па перыметру абыдзеш дом… (Да Кіма.) Колькі табе гадоў, ты казаў?
Кім. Трынаццаць.
Каралёў (у трубку). Абыдзеш дом трынаццаць разоў на кукішках! На кортачках, урод!
Кім. Прабачце, я пайду…
Каралёў. Табе шкада яго?
Кім. Шкада.
Каралёў (у трубку). Адбой: ён табе амністыю абвясціў… Не я, а ён! (Кідае тэлефон.)
Каралёў (налівае). 3 твайго дазволу… (П’е.) Цяпер кажы, хто ты…
Кім. Я ваш сын…
Каралёў. Яшчэ раз.
Кім. Я ваш сын…
Каралёў. Вельмі прыемна, сынуля…
Кім. Мне таксама.
Каралёў. За сустрэчу! (П’е.) Калі б ты ведаў, як я цябе доўга шукаў. Ты, канечне, сынок, бедны, няшчасны, адзінокі, табе няма чаго есці і табе трэба грошы… так?
Кім. Не зусім. Я не сірата, не бедны, не адзінокі, мне ёсць што есці і ёсць дзе жыць… А вось грошы мне патрэбны. Тут вы здагадаліся.
Каралёў. Колькі?
Кім. Пяцьдзясят тысяч.
Каралёў. Ну, мужык, ты сціплы…
Кім. Я пра долары…
Каралёў. Тады «ой»! Ты сапраўды мой сын. Па размаху. Цябе мамка паслала?
Кім. Мама памерла дзесяць гадоў таму.
Каралёў. А як яе звалі?
Кім. Эльвіра.
Каралёў. А дзе мы з ёй… сустракаліся?
Кім. На фестывалі моладзі і студэнтаў… Вы тады былі намеснікам старшыні Саюза моладзі.
Каралёў. Колькі табе гадоў?
Кім. Вы пыталіся ўжо два разы… Трынаццаць.
Каралёў. А-а-а… Так, так… I з кім ты жыў?
Кім. Жыў я ў дзетдоме, бо ў мамы таксама нікога з блізкіх не было… Дом знаходзіўся ў Расасенцы. Калі здарылася Зона, дзетдом рассялілі па ўсёй рэспубліцы… Я цяпер жыву тут, у сямейным дзіцячым доме.
Каралёў. I як ты пра мяне даведаўся?
Кім. Ваша інтэрв’ю было ў «Дзелавой газеце».