Шрифт:
Усё. Я сядзеў на тумбачцы, падціснуўшы ногі — нерухома, як маленькі Будда. Як дурненькі Будда. Я не знаў, што рабіць. Я не ведаў, куды падзецца. Я не разумеў, як пасля гэтага жыць. Бо я тады яшчэ і не здагадваўся, што Будда — сын імператара, што ўсё гэта ён дазваляе, бо ён тлусты і вясёлы, і шалёна шчаслівы ад жыцця. Пра гэта толькі нядаўна даведаўся я ад бацькі Лі-Лі, які чамусьці назваў сваю дачку па-кітайску.
А тады я нібыта падвёў самога сябе... Схлусіў самому сабе, здрадзіў... Я быў перакананы, што да гэтага гатовы, ці ні кожную ноч і ні кожны дзень уяўляючы, як яно будзе. Як нарэшце паспытаю я, як яно не ў кулачку, а там, у бяздоннай таямніцы, у валасістай шчыліне, у яе спратах і сховах, дзе спазнаю, што такое пытка. Чыя і якая, дзявочая ці жаночая — усё адно, але лепей жаночая, бо ў таямнічую слодыч дзявочай, гледзячы на аднакласніц, не надта верыў. У трызненнях сваіх я падсцерагаў недзе — найчасцей за стогам у толькі што скошаным лузе — белую-белую, дзябёлую-дзябёлую, з грудзямі да неба дзеўку ў чырвонай спадніцы, валіў яе ў стог, задзіраў ёй чырвоную спадніцу на малочныя грудзі, нагамі разводзіў яе мясістыя ногі — і!.. І першае, што я пастанавіў для сябе ў сваіх уяўленнях — гэта ўтыркнуцца ў пытку, увагнацца па корань, увайсці ў яе і не выходзіць. Ні за што і ніколі не выходзіць, быць у ёй, быць і быць...
І што на яве?.. На яве яйчыкі, пафарбаваныя ёдам, і адзін толькі дотык, адзін лізунок — і гатова: саплівенькі струменьчык... І даволі, і хопіць, і ніякай бяздоннай таямніцы, валасістай шчыліны... І наогул няма нічога, у чым бы хацелася быць, быць і быць, і нічога не хочацца, апроч як рвануць адсюль, збегчы, знікнуць, прапасці. Я разломваўся, разбураўся, распадаўся, рассыпаўся, я не пазнаваў сябе. Усе ўяўленні мае — міражы, усё жыццё маё — пыл і прах. Я не той, кім думаў быць, я падмануўся, прыняўшы сябе за іншага. О, жах!..
Мне было трынаццаць з паловай гадоў і я быў упэўнены, што за плячыма маімі — багаты сексуальны вопыт. Вопыт уяўленняў і вопыт мастурбацый — само сабой. Але не толькі ён. У шэсць гадоў падпітыя вясковыя мужыкі паклалі мяне на дванаццацігадовую дачку суседзяў, якая сказала мне, што я магу рабіць з ёй усё, што захачу, толькі не пісяць у яе. “Не пісяць”, — гэта я зараз так кажу, бо ніякавата, а насамрэч яна сказала: “Толькі не сцы”. Пасля гэтага я доўга быў перакананы, што мужыкі завальваюцца на баб, каб пасцаць, і, не разумеючы, грэбліва здзіўляўся...
У сем гадоў я прынёс у школу прэзерватыў, які знайшоў пад матрацам у бацькоўскім ложку, пад якім праляжаў я ўночы з гадзіну, пакуль маці з бацькам не адскакалі на ім і не заснулі. Я не думаў, што бацька душыць маці і яна праз тое войкае, бо ведаў, што ён з ёй робіць. Мне было цікава, як ён, яна, яны гэта робяць, але з-пад ложка ўночы што ўбачыш?
Залез я ў сховішча пад ложкам не толькі таму, што мне было цікава. Я ўжо не аднойчы чуў, як бацькі ўночы скачуць і войкаюць, войкаюць і скачуць — і ўдзень мне сорамна было глядзець на маці і страшнавата на бацьку. Я не любіў іх за тое, чым яны па начах займаюцца. Да таго ж я думаў, што гэтым займаюцца толькі яны, адны яны — і яны вырадкі. Гэта трэба было ўдакладніць і праверыць.
Я надзьмуў прэзерватыў у нашым 1 “А” класе, завязаў яго нітачкай — і ўсе мае аднакласнікі пачалі з ім гуляцца. Я глядзеў на іх і бачыў, што ніхто з іх нават не здагадваецца, з чым гуляецца. Бацькі ў іх, выходзіла, не такія, як мае, такія толькі ў мяне. Калі ўвайшла настаўніца і спытала, што гэта такое і хто гэта прынёс, я сказаў, што гэта я прынёс і што гэта паветраны шарык, які знайшоў я пад матрацам у бацькоўскім ложку. Калі настаўніца зружавела, я зразумеў, што яна дакладна ведае пра тое, што гэта не паветраны шарык, а значыць, гэтым займаюцца ўсе, у тым ліку і настаўнікі. Мне стала прасцей, я без сораму пачаў глядзець на маці і без страху на бацьку, хоць настаўніца яму пра ўсё данесла — і ён мяне так дзягаю са спражкай адцягнуў, што я дні тры мог толькі стаяць за партай, а настаўніца, лярва старая гадоў трыццаці, не адпускала мяне дахаты і глядзела то сурова, то ўсміхаючыся.
У дзевяць гадоў каля лазні, дзе я падглядваў з-за разбітай і паваленай маланкай вярбы, як распараныя, чырвоныя бабы бегаюць асвяжацца да рэчкі, мяне злавіла распараная і чырвоная Ванда Бышынская, Бычыха, як яе празывалі. Яна ўсцягнула мяне на сябе і хацела са мной нешта зрабіць, але нічога не выйшла, і Бычыха са злосці, каб дарма не падглядваў, ушчыміла мой струк у расколіну вярбы, адкуль мяне са струком маім разам ледзьве вызвалілі мужыкі, што ішлі да лазні — добра, што бабы мыліся першымі. Уявіце, чаго я наслухаўся ад мужыкоў і ў той дзень, і пазней... А Бычыху хоць бы хто папракнуў. Наадварот, жартавалі ўсё развясёла: “Ну, блядзюга шалёная!.. Яшчэ дзякуй Богу скажы, што ўсіх астаніх баб не паклікала — і на шуфель цябе не пасадзілі...” Тады я зразумеў, што нават у сельскіх мужыкоў, простых і грубых, да жанчын усё ж асаблівая адносіны. Нават да такіх, як Бычыха.
Дарэчы, вы ўяўляеце, што такое пасадзіць на шуфель?.. Ведаеце пра такую забаву, каго-небудзь з вас, мужыкоў, садзілі?.. Гэта калі бабы ловяць падшыванца, салдаціка, а здолеюць, дык і мужыка, падымаюць ягонага раманчыка, перавязваюць, перацягваюць каля кораня, каб кроў не адыходзіла, каб раманчык стаяў і не падаў, садзяць салдаціка на шуфель, па чарзе калышуць яго на шуфлі ўверх-уніз, як горан кавальскі раздзімаюць, і па чарзе надзяваюцца на раманчыка... Іншым разам, калі баб збіралася каля шуфля столькі, як у лазні, дык здаралася, што раманчык яшчэ стаяў, а салдацік ужо і не жыў... так што якія ў мяне могуць быць прэтэнзіі да феі Таццяны Савельеўны? Ніякіх, нават смешна...
Іх і не было. Сама па сабе Таццяна Савельеўна з інстытутам яе медыцынскім і медыцынскім пунктам у піянерскім лагеры ніколькі мяне не цікавіла, значэнне мелі толькі яе тварожныя цыцкі з пупырыстымі малінінамі, карычнева-кучаравая шчотачка яе пыткі на крайку зэдліка, толькі яе функцыя. На месцы феі магла быць і суседская дачка, і Бычыха, і мая школьная настаўніца, і хто заўгодна... Але гэта была Таццяна Савельеўна — і яна нездарма ў медыцынскім інстытуце вучылася на педыятра, так і хочацца сказаць — на педыятрысу.