Шрифт:
Найбольш хацелася дапамагчы яму ў тым, на што ён наважыўся. Нажом, які ён прынёс лімон наразаць, ці па чэрапе бутэлькай... Але чаму я? Я ўрэшце так і спытаўся:
— А чаму я?..
— Вам дасталася Лі-Лі... Вы хацелі б мяне знішчыць... Гэта натуральна...
Натуральна!.. Што тут натуральнага?.. І ўсё ж я спытаў пра тое, пра што можна ўжо было не пытацца.
— Лі-Лі вам родная дачка?
Максім Аркадзьевіч паглядзеў на мяне няўцямна, насампраўдзе няўцямна.
— А якая яшчэ?..
Мне падалося, што з чужой жанчынай, з няроднай дачкой, з маёй Камілай усё гэта было б яму без патрэбы — і больш не ставала трывання, каб наўпрост не вызнаць тое, што мяне страшыла.
— Вы з ёй... — пачаў я — і не змог дапытацца. Ну, гэта было, як спытацца ў Камілы, ці не хоча яна пераспаць са мной.
Ён дапамог мне.
— Вам хочацца ведаць...
— Так! Хочацца! — рашыўся я — і ў параненым корані майго раманчыка павярнуўся відэлец. — Вы былі з ёй?
— У якім сэнсе?
— У найпростым! Вы з ёй спалі?
Ён адказаў незразумела.
— Я ж вам сказаў, што Лі-Лі — мая процілегласць.
— І што з таго? Яны ўсе — процілегласць!
Максім Аркадзьевіч ускочыў з крэсла — вялізны, пад столь. Тут яму сапраўды ніяк не павесіцца.
— Лі-Лі не ўсе! Усе — не процілеглыя, яны хочуць таго ж, чаго вы! А Лі-Лі хоча іншага! Не спасцігнуць, не спазнаць нешта, а стаць тым, што спазнае, без спасціжэння! Адразу — як вада вадой! Не ўсведамляючы сябе — гэта і ёсць дао! Але яна не разумее, што тады і бацька можа нарадзіць дачку, і дачка бацьку! Што яны адзін для аднаго і адзін у адным і нараджаюцца бясконца, бо няма такога, што ў адзін бок — пачатак, а ў другі — канец! Яна не здольная ўключыць мяне ў несвядомае, яна бачыць і бачыць мяне ў прымітыўным, фізічным пачатку — і хоча не так і не таго, як і чаго хачу я! Бо не ўяўляе, што са мной гэта, як і з вадой, можа адбыцца па-за мысленнем, проста адкрыцца — і ўсё! А вы думаеце, што я монстр!..
Я думаў, што ён не монстр, а вылюдак, але гэта адно і тое ж, так што ён зноў угадаў.
З усяго, што ён сказаў, я найперш пачуў гэта можа адбыцца — і выходзіла, што не адбылося... І толькі зараз я заўважыў, што сціскаю ў руцэ лімон і ўжо выціснуў з яго сок ці ні да апошняй кроплі — поўны сподачак.
— Максім Аркадзьевіч, скажыце мне так, каб я зразумеў: вы спалі з Лі-Лі? Былі вы з ёй, як з жанчынай, ці не?
— Не! — знясілена сеў ён, і відэлец перастаў варочацца ў корані майго раманчыка. — Вы ўсе нам замінаеце, праз вас я яе губляю... Не асабіста праз вас, а праз вас усіх, каго толькі тое і цікавіць, хто з кім спіць.
Яго, канечне, цікавіць толькі ісціна чань і абсалют дао, болей нічым ён не цікавіцца і нічога не хоча... Але хацець — не зрабіць. Калі б людзей судзілі за тое, чаго яны хочуць, свет быў бы суцэльнай турмой.
Струна напругі ўва мне паслабілася, я паклаў лімон у сподак — і сок пераліўся на стол. “Піце натуральныя сокі!..” Неяк трэба было вяртацца да натуральнага.
— У мяне таксама ёсць дачка, Максім Аркадзьевіч. Каміла, равесніца Лі-Лі...
— Ну і што?.. Вы чаму не п’еце?..
Мая дачка яго не цікавіла, а піць я не хацеў: каньяк, як і гарэлка, не можа прыдумаць мазгі.
— Яны сябруюць, Каміла мяне з Лі-Лі і пазнаёміла... Ведаеце, для чаго?
Максім Аркадзьевіч пырхнуў.
— Здагадваюся. Для жывёльных злучак.
Мне расхацелася распавядаць яму пра мае адносіны з дачкой...
— Няхай так. Але чаму са мной, чалавекам удвая старэйшым?.. Нават гэта не зусім натуральна, але ўсё ж...
— Не мой выпадак?
— Не ваш.
— І вы прыдумалі пазнаёміць мяне з вашай Камілай? Каб яна стала маёй Лі-Лі?
Пра такое я і блізка не думаў — ён што?..
— Не. Каміла хай сама знаёміцца, з кім захоча.
— Хай. Тады што вы прыдумалі?
Ён змушаў мяне да нечага, што я нібыта абавязаны быў прыдумаць, бо ён пазваніў мне, ратуючыся, хоць Максім Аркадзьевіч ад пачатку маніў: званіў ён не мне, а Лі-Лі, за мяне пасля ўжо зачапіўся...
— Не прыдумаў, думаю пакуль... Я кнігі ўсе не прачытаў, але чытаў Фрэйда, нешта яшчэ такое і...
Ён цераз столік нахіліўся да мяне, перабіваючы.
— Фрэйд — хворая пісаніна для хворых. А я прыдумаў, за вас прыдумаў! Ажаніцеся, ці проста вазьміце жыць да сябе Зою! Яны падобныя, і Зоя спелая, страсная, о, вы не ўяўляеце, якая Зоя страсная! — нашто вам Лі-Лі?
На твары ягоным блукала толькі што знойдзеная здагадка — Максім Аркадзьевіч не жартаваў. Калі я зразумеў яго правільна, калі наогул тут можна было нешта зразумець, ён прапаноўваў мне абмяняць Лі-Лі на Зою, сваю дачку на сваю жонку... Навесці парадак: узяць адну рэч і пакласці на месца другой.