Лабух
вернуться

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

Некалі Мулю помнік стаяць будзе, а пакуль што ў Мулі хрэн на блюдзе. Росцік для яго праект прыдумаў, з якога на ўсё жыццё і на помнік хапіла б — Муля адмовіўся. Праект быў на Расію, таму перад мафіяй маскоўскай прагнуцца трэба было: ледзь-ледзь, ні для каго незаўважна — але дзе там... У Мулі ў Маскве і свае былі, яшчэ б іх не было, Росцік з імі ўсё і замуціў, ды ў Мулю — як лом нехта ўвагнаў і вынуць забыўся. Ён не казаў: імя, гонар, але ўсё яно сказалася, калі Муля кінуў: “Лабухня”.

Росцік пакрыўдзіўся: “Неперабудаваны лабух — клініка”.

А Гарбачоў пад той час даўно перабудову прыдумаў і пагарэў праз яе. Народ савецкі, перш за ўсё рускі, перабудоўвацца не рушыў. Азірнуўся навокал: всё, блядь, то же, а водка, блядь, дороже. Гарбачоў, пагарэўшы, здзіўляўся: як яно так выйшла?.. З паскарэннем, сацыялізмам з чалавечым, як у членаў палітбюро, тварам — і з усім астатнім. Генсек КПСС і не падазраваў, што прыдумаў перабудову для лабухаў, ні для каго больш. Адны лабухі і перабудаваліся. Так што Муля і з гэтага боку — не надта лабух, і Росцік дарма на яго, як на лабуха нармальнага, разлічваў...

Да перабудовы, каб лабух зарабіў нешта пры сваёй стаўцы каля чырвонца за канцэрт — на дзве пляшкі гарэлкі з плаўненым сырком і ліверкай — трэба было пракручваць па два, па тры і чатыры канцэрты ў дзень, што называлася “чосам”. “Чос” строга забараняўся, лічыўся халтурай, купляючы білеты на якую, савецкія грамадзяне нібыта не дабіралі ў якасці музычнага мастацтва. Грамадзяне, магчыма, і не дабіралі, а лабухі дык здорава перабіралі, “чэшачы” ў сібірах і на далёкіх усходах, здаралася, і па пяць штодзённых канцэртаў, першы пачынаючы ў адзінаццаць раніцы і апошні — а поўначы. І ўсё гэта жыўцом, знемагаючым горлам, знясіленымі лёгкімі і знямелымі пальцамі! Лабухі ўсе да аднаго сканалі б, калі б з перабудовай не перабудаваліся. У змаганні за тое, каб якасць музычнага мастацтва заўсёды і для ўсіх савецкіх грамадзян была аднолькавай, яны пачалі “часаць” пад запіс, пад “фанеру”. Закруціўся на пульце гукарэжысёра магнітафон, заспявала і зайграла нястомнае жалеза, а вакалісты адно разяўлялі раты, і лабухі толькі выгляд рабілі, быццам лабаюць. Пра гэта ведалі і тыя, хто на паперы ў суровых загадах “чос”, тым больш “фанерны”, нібыта забараняў, а на справе дазваляў і нават пашыраў, бо меў з яго сваё, і ведалі тыя, хто плаціў за гэта — купляў і купляў білеты. Апошнія па даўняй савецкай звычцы абсалютна не зважалі на такую драбязу, як якасць таго, за што яны плацяць. Савецкія грамадзяне, былыя і цяперашнія, хоць яны ўжо нібыта не савецкія — гэта найлепшыя ў свеце купляльшчыкі любой хрэнацені.

Як весела прасвіствалі яны свае грошы, калі фанаграма раптам абрывалася, а вакалісты ўсё разяўляліся, хапаючы паветра нямымі рыбінамі. З якой радасцю, з якім шчасцем за свае ўласныя грошы яны надурваліся!.. І надурваюцца дагэтуль, бо шмат што змянілася з той пары, але заваяванае лабухамі права на “фанеру” ніхто адмяніць не здолеў і наўрад ці здолее. Яго, як рэвалюцыйную заваёву, якраз і ўзаконіла перабудова, і тым самым вывела лабухаў з цесных, душных і нават пры “чосе” малакасавых канцэртных залаў на прасторныя стадыёны!.. Тут ужо, на стадыёнах, у канцы 80-х і пачатку 90-х гадоў слаўна-рэвалюцыйнага ХХ стагоддзя, хто паспеў, той і з’еў.

Любая рэвалюцыя — перш за ўсё пераразмеркаванне. “Хто быў нікім, той стане ўсім!” Раней, да перабудовы, да фанернай рэвалюцыі і стадыёнаў, “усім” былі, ласаваліся і тлусцелі катамі на смятане кампазітары-песеннікі і песеннікі-паэты, якім за кожную задрыпаную нотку і за кожнае зацяганае слоўца, дзе б яны ні прагучалі, у філармоніі ці ў кабаку, налічвалася аўтарская капейчына. А лабуху, хоць ён здохні на пятым канцэрце — стаўка на дзве пляшкі з сырком і ліверкай: кірнуць і паберляць. Ну дык надыйшло свята справядлівасці! Хоць, выбачайце, якой справядлівасці? Яе не было, няма і ніколі не будзе. Заўжды нехта мае і будзе мець болей за кошт іншых, усё ва ўсіх быць не можа. Гэта была б катастрофа, апакаліпсіс, канец руху, шандзец усіх перабудоў і ўсіх рэвалюцый. Проста настаў час пераразмеркавання, прыйшла пара патлусцець абношаным, зашмальцаваным, вечна худым і вечна галодным лабухам. Зразумела, не ўсім, а тым, хто быў і не недта прынцыповым, і не зусім ужо кончаным лабухам, а нешта петрыў. Час змяніўся — лаві імгненне! Ніякіх філарманічных начальнікаў, якія б штосьці там дазвалялі, альбо забаранялі! Ніякіх зацверджаных праграм і рапарцічкаў з імёнамі аўтараў, ніякіх аўтарскіх капейчын! Ніякіх кампазітараў і паэтаў! Не хочаце — не пішыце, без вас, да вас даўно ўжо ўсё напісана! Толькі не ўсе грошы атрыманыя!.. А чаго не стае — самі напішам, сем нот таксама ведаем. І да таго ж дакладна ведаем, што зараз трэба, а трэба зараз — абы што!.. Мы прывозім на ваш стадыён канцэрт з абы-чаго, што зараз трэба, вы прыносіце кейс з бабкамі — і мяняемся з рук у рукі. Нідзе і ніякіх роспісаў, нікому і ніякіх падаткаў. Што вы сабе з гэтага выкруцілі — ваша справа. Скончылася “фанера”, згас апошні гук, сціх апошні свіст — і разбягаемся...

Ну, не ўсё так проста, за проста так кейс з грашыма не займееш... Хоць адну нейкую песеньку з абы-чаго трэба раскруціць на радыё, на тэлебачанні, каб яе хацелі чуць на стадыёне — гэта раз. Раскруціць яе разам з тым абы-кім, або з тымі абыкімі, хто тую песеньку спявае, каб яго, або іх хацелі бачыць на стадыёне — гэта два. З абы-чаго і абы-каго, з гаўняца гэтага зляпіць цукерачку ў бліскучым фанціку, каб яе праглі праглынуць фаны — гэта тры. Калі ж зляпілі, дык “Абыкімі” для гаўнянай цукерачкі ў фанціку — чым не назва?.. Нешта не нашае, загадкавае, амаль японскае... І вось ужо абыкіняты, якія не тое што спяваць, размаўляць чалавечым голасам не ўмеюць, скачуць пасярод стадыёна, разяўляючыся неўпапад з фанаграмай, але што да таго стадыёну, фанам, якія вішчаць ад шчасця, бачачы куміраў, на галовах ходзяць і скандзіруюць: “А-Бы-Кі-Мі! А-Бы-Кі-Мі!..” Тут ужо і тысяч пяць маечкаў з лэйбачкай “Абыкіні” прадаць ім не грэх. А пяць тысяч маечкаў ды па тры-чатыры-пяць далярчыкаў...

Такая вось, ці прыкладна такая тэхналогія... Усё пра яе, зразумела, ніхто вам не раскажа. Шоу-бізнес — на трэцім месцы ў свеце па прыбытках. Сярод законных, само сабой.

З канца 90-х гадоў слаўна-рэвалюцыйнага мінулага стагоддзя бізнес гэты ў нас, яшчэ не стаўшы на ногі, пачаў валіцца, але яго падтрымала, падпёрла сваім энергічным плячом маладая дэмакратыя. Насамрэч ні маладой, ні якой-небудзь іншай па ўзросце дэмакратыі не было, адкуль ёй у нас узяцца, але ўсе сталі ў яе гуляць — і выбірацца хто ў дэпутаты, хто ў прэзідэнты, хто куды. А выбары — гэта не толькі палітыка, улада, гэта бізнес, у тым ліку і шоу-бізнес. Нам з Росцікам, маючы тэатр-студыю, трэба было на плячах пустыя барабаны насіць, а не галовы, каб не ўзяць тут сваё. Ну дык мы і бралі столькі, колькі маглі, не зважаючы на тое, з нацыяналістаў бярэм, ці з камуністаў...

У дзверы пастукалі — і адразу ў іх прасунулася галава анёла з каляднай паштоўкі, хлапчука гадоў пятнаццаці, які з дзвярэй заўсміхаўся.

— Можна да вас?..

Усё, што круціцца каля Марты, круціцца хутка.

Ён увайшоў і стаў пасярэдзіне пакоя, як падрыхтаваўся да допыту. Выглядаў ён казачна прыгожа — пара ляльцы Барбі. Такому на сцэне дастаткова толькі з’явіцца ды кудзеркамі страсянуць... На яго глядзець будуць, а не слухаць.

— Вам званілі...

— Званілі. Як цябе зваць?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win