Аблава
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Яны тады гналі плыты па сцюдзёнай паўночнай рацэ — цэлую плывучую чараду з бярвён на тысячы кубаметраў драўніны. Было іх трынаццаць чалавек у брыгадзе сплаўшчыкам, а брыгадзірам быў Кузняцоў, сярэдніх гадоў барадаты мужчына, які не першы год рабіў тут на сплаве. Ён добра ведаў раку і ўсе яе павароты, мелі і перакаты, умеў у свой час збочыць, каб абысці небяспечны зліў, не рассыпаць звязкі, не налезці на камень ці на якую пясчаную выспу. З людзьмі быў строгі, малагаваркі, не любіў гультаёў і слабасільных (што, дарэчы, было для яго адно і тое ж). Мусіць, з гэтай прычыны Роўба трапіў у яго брыгаду, бо быў тады цягавіты і паслухмяны. Знайшлася, аднак, прычына, па якой ён ледзьве не вылецеў з плытагонаў. Пасля смерці жонкі не было на каго пакінуць дзесяцігадовую Волечку, і ён мусіў узяць яе на плыты. Але браць на такую работу дзяцей там забаранялася, і Кузняцоў, убачыўшы плытагона з дзіцём, тут жа адправіў яго ў кантору. Мабыць, ён думаў, што Роўба будзе спрачацца ці, можа, прасіцца, але той пакорліва сабраў сваю торбачку, узяў за руку дачушку і, сказаўшы «да пабачэння», смірна пайшоў да сходцаў. З берага ён апошні раз азірнуў плыты і ўбачыў брыгадзіра, які, стоячы на тым самым месцы, пазіраў на яго. І раптам брыгадзір махнуў да яго рукой — маўляў, вяртайся! Хведар гэтак жа моўчкі вярнуўся, як і ішоў, і Кузняцоў сказаў са злосцю: «Заставайся. Толькі глядзі — засыплешся, я нічога не знаю. Паняў?» — «Паняў», — сказаў Хведар, ураз акрыяўшы душой ад такога павароту лёсу. Сапраўды, ён ужо прывык да думкі, што будзе працаваць на сплаве, яму падабалася рачное прыволле, лясныя берагі навакол і высокае вольнае неба ўгары. Цяжкое працы на плытах ён не баяўся, — мабыць, цяжэй, чым на тарфянішчы ці на лесапавале ў тайзе, не будзе. Зноў жа пры ім будзе Волечка, і на ягонай душы не будзе шчымець кожны раз за дзяўчынку — як яна там, галодная, ці не пакрыўдзіў яе хто, малую? Як была жывая маці, тады ўсё здавалася прасцей, болей звыкла, хоць і тады Волечка цэлымі днямі сядзела ў халодным бараку, у той час як маці завіхалася на лесасецы. А цяпер у пасёлку не засталося ніводнай роднай душы, а людзі было розныя, зборныя з усёй краіны, як было пакінуць на месяц ці на два дзіця без нагляду? Хведар дужа ўдзячны быў брыгадзіру за яго дабрыню і на плытах ірваў жылы за двух.

Каб ён ведаў, чым абернецца тая дабрыня, дык бы ён лепш кінуў дзіця ў тайзе, у незнаёмым паселішчы на беразе, сярод чужых, незнаёмых людзей. О, каб тое знаццё…

На плытах Волечка не сядзела без працы, хоць і малая, але па характары была дужа прыслужлівая і чым магла памагала строгім, маўклівым дзядзькам. Праз дні два брыгадзір паставіў яе памочніцай да кашавара Краўца, ціхага, рахманага чалавека, самага старога з усёй іх брыгады. Той увогуле някепска ставіўся да малой, не крыўдзіў. Мо часам крыкне, калі што зробіць не так ці не ў час, але без злосці. Без злосці — гэта галоўнае. Не тое што ягоны зямляк Рагаўцоў, нервовы, зласлівы чалавек, што бясконца лаяўся брыдкімі словамі. Лаяўся з якой дробнай ці вялікай прычыны, а часцей — без усялякай прычыны — ад свае нутраной злосці. Кожны раз, як Хведар чуў тое, яго бы цвіком працінала ў сэрцы. Спярша ён стараўся, каб як засцерагчы Волечку, каб яна не чула таго. І як Рагаўцоў блізка лаяўся, ён пытаўся ў дачкі пра што-небудзь ці пасылаў яе на другі канец плытоў. Але неяк раз, як гэты Рагаўцоў асабліва брыдка абкладаў пры малой баб, што ўбачыў на беразе, Хведар не стрываў і стрымана папракнуў чалавека — маўляў, усё ж нягожа так пры дзіцяці распускаць язык, можна б трохі і па-людску. Рагаўцоў тут жа ўскрычаў, што ссыльны Роўба яму не ўказ, бо ягоная лаянка — дробязь для таго, хто нелегальна возіць старонніх і тым груба парушае рэжым. Вось ён возьме ў бліжэйшым пасёлку і «стукне», і тады ягоная дачушка ўчуе яшчэ не такое на бліжэйшым этапе, куды яе запратораць разам з яе чыстаплюем-бацькам.

Хведар так збянтэжыўся ад тых нахабных нялюдскіх слоў, што проста не знайшоў, як адказаць. Здаецца ён ужо нагледзеўся людской подласці ва ўсіх яе нечаканых праявах, але такой не прадбачыў. Увечары, як яны прайшлі Вусцюжную мель, ён ціха сказаў аб тым брыгадзіру, думаў, можа, брыгадзір заступіцца, папракне Рагаўцова. Але той толькі насупіўся і сказаў: «Гэны ўсё можа». — «Дык што ж мне рабіць?» — разгублена спытаў Хведар. І Кузняцоў, утаропіўшы ў яго суровы погляд, сказаў: «Будуць чужыя — хавай дачку». — «Куды ж схаваеш на плыце?» — шчыра здзівіўся Хведар, на што атрымаў хуткі адказ. «А пад плытом і схаваеш», — кінуў брыгадзір і пасігаў сабе па слізкіх бёрнах у хвост да стырнавога. Хведар застаўся стаяць, не ведаючы, сур'ёзна гэта ці, можа, для здзеку? Толькі спакваля да яго разуменне прыйшло: а праўда! Можна ж схавацца ў ваду, за плытом. Волечка ўжо навучылася няблага плаваць, будзе трымацца за бервяно, мо не ўтопіцца. Толькі адно нядобра — лета ўсё ж канчалася, вада пасцюдзянела, яны на плытах ужо не купаліся, толькі трохі мыліся ўранні.

Хто ведае, ці спраўдзіў сваю пагрозу той злыдзень Рагаўцоў, калі на плыт для праверкі ўскочыў вохравец з раённай камендатуры, як яны сталі перад Усысвінскім перакатам. Бывала, тыя вохраўцы наведваліся і раней, але так, больш для прыліку, спытаюць што-нішто ў брагадзіра, зірнуць сюды-туды і спяшаюцца на бераг. Гэты ж, мардаты, прыземісты шлапак у даўгім шынялі, пагаманіўшы з брыгадзірам, відаць, намерыўся прайсці па плытах да кармы, і ў Хведара нядобра скаланулася сэрца. Ён стаяў з багром у руках па правым баку плыта, а праз пяць крокаў ад яго, трымаючыся за вяроўчыну, сядзела ў вадзе Волечка, толькі як светлая галоўка зыбалася на паверхні. І вось ворхавец спыніўся пасярод плыта, пагойдаўся на таўсцейшым камлі бервяна і завёў з брыгадзірам гаворку пра хітрасці тутэйшай рыбалкі, якую блясну болей любіць увосень сёмга. Час быў не позні, але ўжо далёка не паўдзён, з усходу дзьмуў халаднаваты вецярок. Унутры ў Хведара мярцвела ад нецярпення, калі слухаў тую недарэчную размову. Але во, здаецца, яны ўжо будуць вяртацца, ужо павярнуліся, каб ісці. І зноў сталі. Вохравец пачаў нешта паказваць на тым беразе, і Хведар моўчкі праклінаў яго: каб ты здох, кот мурлаты! Волечка ўжо, мусіць, здранцвела ў вадзе пад плытом. А той з брыгадзірам бясконца доўга ішоў па нерухомых плытах, пасля доўга таптаўся на беразе, усё азіраючы раку. Хведар стаяў і напружана думаў: стукнуў Рагаўцоў ці не? Урэшце вохравец знік за кустамі на беразе, а ён ледзьве выцягнуў Волечку на бярвенне — ужо тая пасінела ад сцюжы і не магла вымавіць слова. І зубкі яе дробна стукалі, і вусны ніяк не маглі скласціся для зграбнага слова. Дрыготкімі рукамі бацька выціраў яе грубай мешкавінай, цёр худзенькія плечы, запалую грудку, а пераапрануць у сухое не было ў што, і ён здзеў сваю світку, неяк укруціў дачушку. Прыйшоў Кузняцоў, убачыў усё, зразумеў і скінуў ватоўку — на ўхутай! Дзякуй яму, ухутаў. Пасля Кравец нагатаваў вады, і ён паіў яе кіпнем — здаецца, неяк сагрэў дзяўчо.

На ноч паклаў на іхнім звычайным месцы, ззаду за буданчыкам, на звільгатнелых улежаных трантах, ухутаў мешкавінай і брыгадзірскай ватоўкай. Спярша сагрэлася і заснула, і ён, седзячы побач, думаў: мо яшчэ і абыдзецца. Ды не абышлося. Пад ранак запылала дачушка, усчаўся вялікі жар, прасіла ўсё піць, жалілася: баліць галоўка. Ён усё паіў яе цёплай вадой, іншага нічога ў іх не было — ні лекаў, ні якіх зёлак. Раніцай трохі задрамала, але была гарачая, а яму трэба было заступаць на стырно. Наперадзе, сказаў брыгадзір, быў самы трудны ўчастак шляху, трэ было глядзець пільна. Але, як ні глядзелі, усё ж пасадзілі крайні плыт на каменне, ледзьве здзёрлі яго пад абед. За той час ён якіх пару разоў наведаўся за буданчык, і ў яго кожны раз ападала сэрца — кепска было дачушцы. Як на тую бяду, абапал ракі плылі таежныя, без аніводнага паселішча берагі, цягнуліся голыя абрывы, і над імі высіўся хвойны дрымучы лес. Брыгадзір бачыў ягонае гора і, здаецца, спачуваў яму, сказаў: у канцы тыдня прыйдзем у Мезу, там ёсць амбулаторыя, можа, зносім туды малую. Нібы збаўлення, Хведар прагна чакаў тае Мезы ўдзень і ўначы, сам не кладучыся ні на хвіліну, усё то варочаў стырном, то багром, бегаў па зыбкіх плытах, штораз заглядваючы за буданчык. Волечцы рабілася ўсё горш. На трэці дзень яна ўжо не пазнавала яго, толькі прасіла адагнаць птушак. Спярша ён здзівіўся: якіх птушак? А тады зразумеў: яна ж трызніць. Наступнаю ноччу неяк сцішылася і неўпрыкмет адышла з гэтага свету. Назаўжды адляцела, як светлая малая птушачка, яе чыстая дзяўчачая душа…

Да паўдня яна ляжала ўсё там жа, за буданом на трантах, і яны не ведалі, што з ёй рабіць. Тады брыгадзір выдраў з будана тры дошкі, якія былі там заместа падлогі, сказаў Краўцу збіць труну. Той і праўда збіў — маленькую, на метр, скрыначку, у якую паклалі худзенькае збялелае цела Волечкі. Ну а як пахаваць? Навокал вада, плыты нідзе не прыстаюць да берага, што ім рабіць? І брыгадзір надумаў заднім плытом трохі падграбці на павароце да берага (спыніць жа гэтую аграмадзіну было немагчыма) і па водмелі знесці труну на бераг. Хведар скочыў з плыта раней, яны перадалі яму труну, і ён, стоячы па грудзі ў вадзе, прыняў яе. Пакуль выбраўся на сухое, дужа намок, намачыў нежывую дачушку, пасля ўзлез на абрыў і агледзеўся. Скрозь на беразе сцяной стаяў лес — елкі і піхты. У адным месцы была невялічкая прамыіна, і на адным баку ля яе ўтварыўся роўны зграбны мысок. Неяк усцягнуў на гэты мысок труну і ўзяўся капаць магілку. Мусіць, у каменным жвіры капаў доўга і трудна, але ён не прыкмячаў таго, ён увесь час горка плакаў, не стрымліваючы слёз. Жыццё адняло ў яго апошнюю радасць, адзіную яго ўцеху, і Хведар думаў: што яшчэ чакаць ад яго? Што яно можа адабраць яшчэ? Пасля ўсяго, што з ім сталася, уласнае жыццё траціла ўсякі кошт, ён не надта і даражыў ім; яно даўно зрабілася невыносным. Таго Рагаўцова, як ён позна ўвечары дагнаў плыты, ён не мог бачыць ад нянавісці і крыўды. І не мог зразумець, як гэта іншыя, і брыгадзір Кузняцоў таксама, паводзілі сябе з тым злыднем, нібы нічога і не здарылася. Ці яны нічога не разумелі? Ці баяліся яго? Ці яшчэ што? А Хведару ўсё ж спачувалі. Кравец ціха войкаў, круціў галавой, брыгадзір жа зацята маўчаў, здавалася тады, ён ні пра што іншае і не дбаў, апроч як пра свае плыты. Але як нарэшце прыйшлі ў Котлас і збылі на лясной біржы свой лесавы караван, гэты Кузняцоў паклікаў яго за рог складской будыніны, дзе не было нікога, і сказаў: «Даведка трэба?» — «Даведка? А дзе яе ўзяць?» — не зразумеў Хведар. «На, трымай, — сказаў Кузняцоў, азірнуўшыся, і сунуў у ягоныя рукі складзены квадрат паперкі. — Бярог для сябе, але, гляджу, табе самы раз будзе».

Хведар узяў тую даведку на імя Зайцава Андрэя Фаміча, яна і праўда неўзабаве дужа яму спатрэбілася. І ён быў бы шчыра ўдзячны брыгадзіру, калі б не тая цана, якую ён за яе заплаціў. Тая непамерная цана замінала яго ўдзячнасці, і ён часам думаў, што ў параўнанні з загубленай дзіцячай душой усё тое — дробязь.

Поўня на небе ярка свяціла між хмар зыркім сцюдзёным святлом, кладучы наўкось на магілах частыя цені ад крыжоў. Воддаль на выспе пад хвоямі стаяў чорны змрок, які шырокім і даўгім ценем амаль дасягаў дальняга краю могілак па-над выганам. Тут жа было ўсё добра відаць — кожны крыж і кожная купінка магілы. І толькі калі ў небе насоўвалася суцэльная хмара, тады ўсё навакол патанала ў цемрадзі. Хведар нібы заплюшчваў вочы і невідушча стаяў між магіл. Увогуле тут яму было добра, нават спакойна і ўтульна: ён нібы далучаўся да аднасяльчан і ладзіў з імі нетаропкую маўклівую бяседу — і пытаўся, і скардзіўся, і разважаў. Шкада, што не меў адказу, ну але ўжо ён прывык да таго, нібы аглух за многія тыдні свайго адзінокага блукання. У задуменні тупаючы між магіл, напаткаў і дбайна прыбраную магілу — на схіле бліжэй да крайніх аграмадзін-хвояў. Тут сапраўды кідаўся ў вочы дагляд і дбайнасць — магіла было роўненька абкладзена дзёрнам і свежа пасыпана дробным белым пяском, васьміканцовых крыжоў мясцілася аж два разам — меншы і большы за ім, абодва фарбаваныя белаю фарбай. Поруч прыткнулася спрытная, бы дзіцячая, лаўка, на якую, стаміўшыся, прысеў Хведар. Хто тут пахаваны, ён не мог здагадацца. Ужо, мабыць, не стары, не дзед і не баба, магілы старых так на ахаджваюць. Можа, гэта так пастаралася жонка для любага мужа? Але жонка наўрад ці зрабіла б усё так майстроўна і дбайна. Тады муж — жонцы? Ці хутчэй за ўсё бацькі — свайму дзіцёнку, мабыць, так. Але нідзе не напісана нічога — безыменная магіла, навек прапісаная толькі ў сэрцах, блізкіх нябожчыку.

А ў яго Волечкі, мабыць, няма ўжо і купінкі…

Доўжылася ціхая месячная ноч. На могілках стала сцюдзёнавата, надвор'е ці не меціла павярнуць на замаразкі, думаў Хведар, панікла седзячы ля прыбранай чужой магілкі. Яму нікуды не хацелася рушыць адсюль, тут ён, як нідзе ў іншым месцы, адчуваў сябе ў спакоі, адноснай бяспецы. Мусіць, недзе пад ранак закацілася-знікла поўня, навакол стала цёмна, бы ў склепе. Да начной цемрадзі Хведар, аднак, даўно прызвычаіўся, цемра яго не палохала. І ён сядзеў, прыпамінаў, думаў. Жаваў кіслыя журавіны, ашчадна выбіраючы з кішэні па две-тры ягады разам. І, мабыць, трохі драмаў. Толькі, як заўжды, пачала даймаць сцюжа. Да сцюжы ён не мог прызвычаіцца, асабліва пад старасць, на дрэнных харчах і пакутаваў ад яе ў ссылцы і тут во таксама. Можа, таму, што намёрзся, як ніхто за жыццё. Не ўмеў грэцца, як іншыя, ляскаючы сябе рукамі, прысядаць і тупаць. На сцюжы ён дубянеў, сціскаўся, нерухомеў — трываў. Таксама як трываў голад, знясіленасць, ганьбу. Ужо нямала гадоў усе яго намаганні ішлі на адно толькі — трываць. Ён не ўзрываўся, як некаторыя, калі, здавалася, трываць было неяк, не абураўся ад кепскіх харчоў, зверскай працы ці людской несправядлівасці, толькі сціскаў зубы, калі тыя яшчэ былі ў яго, і — трываў. Мусіць, не было ў свеце такіх абставін, якія б ён не навучыўся трываць. Апроч хіба аднаго — няволі-журбы расстання. Тут ужо ён не мог перайначыць сябе, ягоная натура насуперак усім абставінам імкнулася дамоў — праз безліч небяспек і нягод. Тады, першы раз, не ўдалося, не пашэнціла другі раз. Затое дамогся таго трэцім разам і цяпер быў амаль шчаслівы. Дык што яму цяпер сцюжа! Ці голад! Урэшце ён быў там, дзе марыў апынуцца пяць жахлівых гадоў. Што яму болей?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win