Аблава
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Мусіць, аднак, пад раніцу дождж перастаў. Вецер жа ўсё не сціхаў — трэс долу дробныя кроплі з вецця, і ў лесе здавалася, што гэта прадаўжаецца дождж. Але неба над ельнікам паяснела ўжо, хоць і было змрочнае і хмарнае, — сумнае неба непагоднага восеньскага дня. Менавіта ў той час дзесьці паблізу пачалі каркаць вароны — так заўзята, што, здавалася, чутна было ва ўсім лесе. Нейкая невыразная трывога ішла ад гэтага іх нязмоўчнага крыку, і Хведар са злосцю ўслухоўваўся, думаў — якога д'ябла яны раскаркаліся? Ён ужо хацеў быў устаць і пайсці ў той бок, прагнаць іх, ці што? Але не было сілы ўстаць, хацелася сядзець так і сядзець, можа, нават прылегчы пасля тлумнай бяссоннай начы. Памалу развіднела, і ў лесе зблізку сталі відаць яловыя галіны, натапыранае сухое суччо ля камлёў, голы, абсыпаны ігліцаю дол. І раптам на гэтым доле ў ельніку з'явіўся аднекуль заяц, сюды-туды пакруціў вушастаю галавой, прысеў на заднія лапы і пярэднімі пачаў дбайна аціраць вусатую пыску. Хведара ён не бачыў ці, можа, палічыў за пень, і той не рашыўся варухнуцца, каб не спалохаць жывёліну. Мабыць, гэта яму ўдалося. Непатрывожаны заяц паволі, бы ў роздуме, праскакаў за пяць крокаў ад яго і схаваўся недзе ў ельніку.

А вароны ўсё надрываліся — нападалі на каго ці проста сварыліся ў сваёй варонняй зграі, — мусіць, таксама нейкія ў іх непаладкі, падумаў Хведар. Як у людзей. Але, мабыць, такіх, як у людзей, не бывае ні ў якіх істотаў. Тыя калі дзяруць каго, дык каб з'есці, а гэтая — хіба каб задзерці і кінуць. І ўзяцца за наступнага. Усё ж лютая істота чалавек!

Можа, ён так і сядзеў бы ў тым ельніку, дзе было хоць і мала ўтульна, але ціха і спакойна, калі б не голад. Голад падцінаў ягоны жывот, аж балюча было пад грудзямі, і ён усё думаў-думаў: ну што б знайсці з'есці? У лесе, мабыць, ужо нічога знайсці было нельга, хіба што грыбы. Грыбоў ён мог бы тут назбіраць, асабліва на імшарыне каля балота, ды сырыя іх не з'ясі, а ўдзень паліць касцярок ён асцерагаўся. І тады ягоныя думкі ўсё часцей пачалі туліцца да вёскі, да той ігрушыны на ўзлеску, ля якой ён ужо частаваўся. Грушкі былі нічога сабе, мо з гэтай начы нападала болей, мабыць, варта туды схадзіць.

Ён добра намок, пакуль выбраўся з ельніку, — кожная яліна сыпала на яго жменю сцюдзёных кропляў, нізкае вецце выцірала сваю дажджлівую вільгаць аб яго і без таго змакрэлую вопратку. Ну але што зробіш — трэба было трываць. Макрэдзь і сцюжу трываць было звыкла, каб яшчэ навучыцца гэтак жа трываць голад. Ды голад, мабыць, не можа стрываць ніхто. Ні чалавек, ні жывёліна. Голад — гаспадар над усімі.

Хведар памалу ішоў па лесе, выбіраючы болей адкрытыя, без падлеску мясціны, усё ж каб меней мокнуць ад вецця. Чамусьці ён падумаў з цікаўнасцю: які сёння дзень? Зусім згубіў лік дням і не мог адрозніць святое нядзелі ад будняў. З сённяшняй ночы пасялілася ў яго адчуванні нейкая загадкавая туга. Ён не ведаў, чаму так — ці ўчора надта засмуціла нядобрая вестка пра сына, ці ўсур'ёз растрывожылі тыя пярэймы на бульбянішчы? Ці яшчэ што. А мо во гэты варонні гвалт, які і цяпер чуваць быў адсюль, з старога лесу. Мабыць, не падзяліла чаго вараннё, думаў Хведар.

Усё ж ягоны слых за гэтае бадзянне па лясах стаў дужа чуйны, ён выручаў не раз, не падвёў слых і цяпер. Яшчэ не дайшоўшы да ўзлеску з грушай, Хведар заўважыў якійсь неспакой на ўзлессі, а затым і спыніўся. З-за кустоўя ўжо віднеліся слупы на дарозе, зялёныя лапікі руні, шэры восеньскі ўзмежак. Якраз на гэтым узмежку непадалёк ад ігрушыны стаялі два чалавекі — адзін у шэрым будзённым пінжаку, а другі ў такой жа рудой, як і ў яго, саматканай паддзёўцы, — адзін другому даваў прыкурыць. Як той, што прыкурваў, падняў ад запалкі галаву, Хведар адразу пазнаў Міхалінінага Шурку, маладога хлопца, Міколкавага дружбака, якога некалі выключылі з камсамола. Другі стаяў да лесу спіной, і Хведар не мог разгледзець яго. Пасля, закурыўшы, абодва яны ўставіліся позіркамі некуды ўбок, адкуль данеслася некалькі слоў нягучнай размовы, і Хведар таксама пасунуўся за кустом. Яму адкрыўся наўкось добры прасцяг узлесся і на ім чалавек шэсць, што пасталі ў рад крокаў праз дваццаць адзін ад аднаго — чагось чакалі. То былі ягоныя аднасяльчане, маладзейшыя і двое старэйшых. У бліжэйшым з гэтага раду Хведар пазнаў Міхася Майстронка, што жыў якраз насупроць ягонае сажалкі, і Хведаравы гусі часам рабілі на ягоным гародзе шкоду; тады між імі былі дзве ці тры малапрыемныя сутычкі, а так жылі між сабой някепска. За ім таптаўся па ўзмежку схуднелы і пастарэлы, з сівымі скронямі пад чорным картузом Лёкса Саўчык — у даўгім армяку, з пугаўём у руках. Божа, во і сустрэўся, пабачыўся, паныла падумаў Хведар. Але чаму яны тут пасталі, каго чакаюць? І тады яму бы цюкнула ў галаву: ды гэта ж яны — па яго. Яны ж зараз пойдуць у лес выганяць яго. Ланцугом, як на паляванне. Як зімой палююць на воўка з сцяжкамі. Толькі гэтыя цяпер без сцяжкоў. Бо ён не воўк — ён чалавек, з ім можна і прасцей.

На дрыготкіх нагах Хведар паціху патрухаў у глыб лесу. Усё ў ім калацілася ад крыўды, ад прадчування хуткай бяды. І нічога не зробіш, нічога не скажаш, нічым не апраўдаешся. Ён мог толькі бегчы, уцякаць, як звер. Але не як чалавек. Чалавек бы не ўцякаў ад людзей, ён бы нешта сказаў, і яго б паслухалі. Значыць, ён ужо не чалавек. Ён дашчэнту расчалавечыўся.

На пагорачку ў змяшаным рэдкалессі ён павярнуў управа — убок да бальшака і поплаву, туды, адкуль ён прыйшоў тры дні назад. Мабыць, пакуль была такая магчымасць, трэба ўцякаць з гэтага лесу, лес для яго ўжо не прытулак. Лес цяпер іхні. У ім яны хочуць злавіць яго — і тады… Не, усё ж ён не дасца. Пакуль ёсць сілы, ён іх апярэдзіць. Ён не дасць вярнуць сябе туды, адкуль з такім намаганнем вырваўся. Туды ён не вернецца.

Хведар бег, аслабела і няўцямна, ужо не выбіраючы шляху, прадзіраўся праз кустоўе падлеску, вымак наскрозь — ад ног да галавы. Ззаду, аднак, было ціха, яго яшчэ не даганялі, і ён спяшаўся паспець. Паспець выскачыць з лесу на поплаў, там уздоўж рэчкі была чужая, зарэчнага раёна зямля, мабыць, там пра яго яшчэ не ўведалі. Яму ўжо трошачкі заставалася лесу, затым будзе нешырокая лагчына і бальшак, які ён перайшоў той раз. Але ён задыхаўся, змарыўся ўшчэнт і да ўзлеску ледзьве даплёўся ад знямогі. Усё ж, перш чым выйсці, зірнуў на лагчынку, там не было нікога. Тады — на грудок і дарогу, і разам асеў долу. Ля старых хвой на бальшаку стаялі машаны — тры грузавыя палутаркі, і ад іх у напрамку да лесу ішла грамада людзей — чалавек трыццаць ці больш. Наперадзе рашуча крочыў па сенажаці чалавек у расшпіленым чорным плашчы, ён нешта казаў і рукой шырока паказваў астатнім — ці не разысціся па-над лесам у ланцуг?

Згледзеўшы тое, Хведар крута павярнуўся і пабег назад у лес. Усё ж, мусіць, ён яшчэ меў нейкую магчымасць, тыя толькі пераходзілі лагчынку. Пакуль яны паднімуцца па адхоне, увойдуць у лес… Не, ён адарвецца, ён не дасць ім дагнаць сябе. Толькі куды яму бегчы — во ў чым загвоздка. Злева Нядолішча і землякі-калгаснікі, ззаду гэтыя, што прыхалі, мабыць, з раёна. Усе апранутыя ў чорнае, не вясковае — значыць, з раёна. Кіраўніцтва і актыў. Яны ззаду. Справа ў яго ельнік і далей багністая Багавізна, там не пройдзеш. Няўжо спераду яму пакінулі выйсце? Там, дзе бульбянішча, дзе ён учора сустрэў дзеда з каровай. Няўжо там нікога няма? Гэта была б удача, толькі б паспець дабегчы туды. Добра, што яго яшчэ не ўбачылі, раней убачыў ён сам. Тое давала шанец. Толькі б не здрадзілі ногі. Усё ж бегчы яму было трудна, сіпата зацінала грудзі, у роце набралася гаркоты, якую ён не мог выплюнуць. Плечы і грудзі пад яго мокрай і цяжкой апраткай спатнелі, па шчоках паўзлі цуркі поту. Раз-пораз ён выціраў твар рукавом, азіраўся і то бег, то ішоў хісткім няпэўным крокам — далей ад гасцінца і ад вёскі таксама. Мусіць, не проста было вытрымаць гэта дакладны, касы кірунак у лесе, здаецца, ён трохі яго ўжо зблытаў. Падобна было, што ён занадта ўзяў управа — далей ад тых і тых даганятых, і тым прыціснуўся да Багавізны. Не, яму трэба было трохі далей ад яе, каб выйсці на трэці бок лесу — да бульбянішча. Галоўнае — яму б вырвацца з гэтых абцугоў, якімі яго абхамілі з абодвух бакоў. Можа, трэці яшчэ заставаўся вольны, і тое дасць яму выскачыць.

Ужо з'явілася спадзяванне, што ён як-небудзь выкруціцца. Усё ж яго ніхто з іх не бачыў. Ад задніх ён, мабыць, адарваўся, а тыя збоку, ад вёскі, мабыць яшчэ толькі ступілі ў лес. А можа, яны яшчэ чакаюць на ўзмежку. Яму б толькі дабегчы да бульбянішча, а там бы ён вырваўся з гэтага лесу.

Але бегчы ўжо не ставала сілы, і ён, спатыкаючыся, марудліва тупаў па травяным доле. Увесь час азіраўся — ці не пагналіся? Здаецца, яшчэ не гналіся. Але ў тым кірунку, ад гасцінца, пачуліся галасы — мабыць, там ужо пайшлі па ягоных слядах. Галасы, галёканне рабілася мацнейшымі, во забрахаў і сабака. Але не ўчарашні вясковы — гэта быў рык дужага, пароднага пса. Хведар пабег зноў — цяжка, знясілена, страхавіта, штораз азіраючыся. Пільнасць яго і ўвага цяпер былі да таго, што адбываецца ззаду. Ён празяваў нейкі момант, калі трэба было зірнуць наперад, і за кустом ядлоўцу ледзь не сутыкнуўся з зайцам. Чымсь спуджаны, той сігануў насустрач, а як згледзеў яго, шырока скочыў убок і праз хмызняк падросту спалохана кінуўся назад, адкуль бег. Таксама няма спакою, коратка падумаў Хведар і тут жа спыніўся. Там, куды паскакаў заяц, зблізку пачулася:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win