Вершы
вернуться

Жилка Владимир Адамович

Шрифт:

1921

«Люблю, не знаючы пуціны…»

Люблю, не знаючы пуціны, Ісці праз лес, балота, гаць, Мінаць квяцістыя нізіны, Пад грушай ў полі спачываць; Спаткаць між жыта крыж пахілы І старца з хлопчыкам малым, Звычай шануючы мне мілы: «Дабрыдзень!» — прывітацца з ім; Прайсці ўздоўж вёскі беднай, шэрай З панурым радам сумных хат, І думаць: як ты тут ні мерай, А ў беднаце гаруе брат; І напаткаць руіны ў полі, Дзе мох на рэшце сцен узрос, І занудзіцца мімаволі, Згадаць замчышча сумны лёс; Не зразумець, чаму руіны Ў сабе таёмны тояць жах, І ці не светлы для Краіны Відаць наперадзе ўжо шлях?

1921

Каханне

З'явілася, і чую сіл крыніцу, І думы незвычайныя мае, — То боль жыцця, то лёгкасць смерці сніцца, І сэрца незнаёмае пяе. Яна ж красой варожыць, чараўніца: Як гады, віснуць косы з плеч яе, А вочы з-пад павек — з-за хмар зарніца, І тайнасць складак вопраткі заве. Атручан хмельным соладам кахання, На кліч таёмны йду без дум, пытанняў Вітаці светлавокую Лауру. А з вуснаў шчырых рвецца ўжо санет Гучны, нібы віхор свавольны ў буру, І радасны, бы ўлюблены паэт.

1921

Дзед

Патухшымі вачыма Глядзіць на божы свет Стары, у крук сагнуты Як голуб, белы дзед. Пражыў на свеце многа: Без нечага сто год, За век пабачыў гора, Нямала вынес слот. Калісьці, да паўстання, Рабіў, цярпеў прыгон… К нямцом не раз віціны Ганяў па Нёмне ён. Меў сілу непамерну, Здаровы быў, як мур, Таму так жыва, з песняй Арэ сын родны шнур; Таму так — шчыры ў працы — Будуе Край унук, Адважны і бясстрашны, Не пакладае рук. А дзед жыве мінулым, Таемным і глухім, Гаворыць-бае казкі Аб даўнім і сівым: Пра войны, панства, войтаў, Русалак і начніц, — І хараством чаруе Няхітры склад быліц. Ды часта паглядае За вёску ён… туды, Дзе між бяроз пад крыжам Спачыне ад бяды. Ды хоць стары, а думку Гадуе ўсё адну: Хоць перад смерцю ўбачыць Свабоднай старану.

1921

Пралескі

Маці-зямля радзіла іх Ад першых пацалункаў сонца. Між зёлак леташніх, сухіх Яны ў бары ўзышлі ў старонцы. Шумяць шторазу весялей Над імі хвоі аб прадвесні, І вецер штодня ласкавей Іх песціць і пяе ім песні. І хоць зімы відаць сляды, Яшчэ марозіць часам ночкай, Ды больш не страшаць халады. І верыш мілым сінім вочкам; І любы так бясконца мне Яны, з усмешкай ціхай дзеці… Пара іх, кволых, праміне, Прайдуць яны, як ўсё на свеце. Але ўжо мкне душа мая У сіню даль, за пералескі, І ў сэрцы ўсходзяць — чую я — Тугі вяснянае пралескі.

1921

Незразумелае

О, как убийственно мы любим…

Ф. Цютчаў
Як малой ты хапала агонь, І казала з трывогаю маці: «Гэта жыжа, дзіцятка маё!» Ты спяшалася ручкі прыняці. А цяпер вось кахання агню Аддаеш пачуццё ты і сілы, А заўважыць хто гэта табе — У адказ ты смяешся так міла…

1921

Скажы

Гэтых вочак ясны свет, Постаць і аблічча — Ах, зрабілі, што няслед: Мучаць, вабяць, клічуць. Як русалка, ўся яна Пераменна, квола: Вось зіяе, як вясна, Раптам — невясёла. Часам гутарку зачне Ці пяе няспехам, Потым гляне на мяне І абдорыць смехам. Яе ж погляд, яе смех… Дзе ад іх мне дзецца? Любіць сэрца… як на грэх, Птушкай б'ецца ў клетцы. Чую, кажа: не блажы, Пакінь, міла, кпіны, Калі любіш, дык скажы, А не муч хлапчыны.

1922

«Чырванее заход ад марозу…»

Чырванее заход ад марозу, Пад нагамі парыпвае снег; Быццам чорная думка, з пагрозай Змрок паўзе, выглядае з-пад стрэх. К ночы вецер падняўся у боры І бушуе з канца у канец, А на вокнах з'явіліся ўзоры… Гэй, пара запаліць каганец! Доўгі вечар зімовы, без меры, Песням ветру ўважаць немага… Слізкай гадзінай, вузкай і шэрай, Аблягае ля сэрца туга…

1922

Палімпсест

Ёсць рукапісы, змест якіх сцярты, ледзь знаць, Ці нат другі напісан сэнс бязбожна. Іх палімпсестамі1 прынята здаўна зваць, І першы іхні змысл пайме не кожны. Краіна родная! Так сталася й з Табой. Багацце й хараство твае прыроды І прошласць слаўную змяшаў чужак з гразёй І словы вывеў гідкія для зводу. Але народны дух, разбіўшы мур турмы, Здалеў вяковы бруд паганы змесці. І з дзіўнай любасцю чытаем тое мы, Што захавалася на палімпсесце.
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win