Крытыка
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:
Няхай лунае над маім І сілу дасць няхай твой дух. Са словам ласкавым тваім На цэлы свет адзін пайду. . Хай згіне ўсё ў жыцці маім, Каб толькі ты была са мной! Хай шляхам я прайшоў цяжкім, Свет — не пустыня мне з табой! Якая мужная журба: Гора ходзіць за мною па пятах, Можа, нават прыцісне калі — Панаваць не дазволю я катам Над сабой, над табой, на зямлі! . Праз памылку я страціў багацце, Нават больш, чым падумаць бы мог, Але што б я і як бы ні страціў — Лёс цябе, дарагая, ўсцярог!

Я чытаў гэты зборнік, не зазіраючы спачатку ў змест, дзе названы прозвішчы перакладчыкаў. Для таго, каб быць бесстароннім у ацэнках. І вось часам з-за Байранавых радкоў выплывала знаёмае нават асабіста аблічча. Так здарылася з вершам "Урывак":

Калі б рака жыцця вярнула зноў Мяне да першых летуценняў, сноў, Я не хацеў бы з ёю плыць туды, Дзе адцвілі даўно лугі, сады. Нешта вельмі знаёмае. Ага… Вісіць у небе месяца нарог, Стаіць музыка паміж дзвюх дарог.

Канешне, Танк. Настроем амаль той, якога мы ведаем па філасофскіх вершах апошніх гадоў.

І вось тут паўстае адно вельмі важнае пытанне. Ці павінен паэт, які перакладае, памерці ў тым, каго ён перакладае? Я ведаю, для моцнай паэтычнай індывідуальнасці гэта цяжка, амаль немагчыма. Дух не хоча змяшчацца ў чужой амфары, няхай нават чароўнай, бунтуе, узламвае яе. Хоча сам для сябе зляпіць форму-ёмішча. І я не ведаю, што тут лепей: слабы дух у чужой велічнай форме або моцны, які тую форму зламаў. Відаць, у перакладзе, майстэрстве, якое ўсё ж павінна зберагчы чужую амфару, патрэбна трэцяе: захаваўшы сваю магутнасць, усё ж памерці ў другім, аддаць яму сябе самога, стаць яму слугою, як гэта ні цяжка. Але, з другога боку, як тады ставіцца да перакладаў Лермантава? Што яны, уласныя вершы ці пераклад з Гейнэ? Не ведаю. Ведаю толькі, што пераклад "Урыўка" пераходзіць ужо ў другі жанр, незаконна занядбаны цяпер жанр пераймання.

Эпіграмы і эпітафіі пераклаў для зборніка Семяжон. Аб іх, бадай, і не варта шмат гаварыць. Зроблена гэта лаканічна, з уласцівымі перакладчыку тонкасцю і гумарам. Пасля чароўных перакладаў з Бёрнса гэтага ад яго можна было чакаць. Вось урывак з эпіграмы на самазабойства брытанскага міністра Каслры:

Ты здох, а ўсе мы дыхаем вальней І думаем: каб гэта ўсё раней, Пакуль ты рэзаў Англiю па лёгкіх, — Вось бы ўздыхнуў народ, але з палёгкай!

Эпіграма — жанр няўдзячны. Усе смяюцца, усе здзіўляюцца, як лёгка і дасціпна льюцца словы. І ніхто не ведае, як гэта цяжка. І паэту, і перакладчыку.

Памер артыкула, на жаль, не дазваляе сказаць добрага слова ўсім астатнім перакладчыкам вершаў.

Цяпер пра паэмы, містэрыі, публіцыстыку. І перш за ўсё пра пераклад "Чайльд Гарольда".

"Чайльд", яго чатыры песні, перакладзены чатырма аўтарамі: Рыгорам Барадуліным, Міколам Арочкам, Язэпам Семяжонам і аўтарам гэтых радкоў.

Мне вельмі хочацца пахваліць свой пераклад. Але я не маю саманадзейнасці аднаго раманіста, які, пералічваючы раманы, што зрабілі пераварот у нашай белетрыстыцы, скончыў спіс словамі: "і раман аўтара гэтых радкоў". Таму я прамаўчу і замест няпэўнай свае кандыдатуры выстаўлю ўсе астатнія, асабліва ж — сапраўды выключны па чысціні і яснасці — пераклад Язэпа Семяжона. У ім няма залішняга пафасу, у гэтым перакладзе… Байран і ў пафасе сваім часам іранічны, вонкава лёгкі, нават легкадумны. Ён, як і Пушкін, і жартуе, і празаізмы ўжывае, і… раптам хапае за душу жалезнай, страшнай рукой рафасу — і стогн, крык ірвуцца з сэрца. Гэтыя ўласцівасці ў поўнай меры перадае праца Семяжона.

Вось пра Венецыю:

На ўлонні акіяна, на выгодзе Ты гордаю Цыбелаю марской Раскашавала не адно стагоддзе З тыярай стромых веж над галавой.

Калі б я жыў у век рамантыкаў, я сказаў бы, што Чэрвеньскія палі падаюць руку Анслейскім палям, каб іхнія верас і шыпшына сталі братам і сястрой нашаму верасу, нашай дзікай ружы.

Перакладу "Чайльда" ў пэўнай меры, відаць, перашкодзіла практыка нашага перакладу наогул. Дадзена згода на выданне кнігі перакладаў (з'ява досыць рэдкая) — і вось пачынаецца ліхаманка. Буйныя рэчы, як той самы "Чайльд Гарольд", трэба перакладаць гады. А час не чакае. Таму рэч даецца некалькім майстрам. Іначай проста немагчыма. І вось людзі бяруць на свае плечы велічэзную працу, але ў розных раздзелах усё ж заўважаецца рознастылёвасць.

У гэтым няма правіны людзей, таму што нельга двум майстрам зрабіць з аднаго ўзору дзве цалкам аднолькавыя вазы.

Глядзіце самі.

Во! стук падкоў і кліч трубы не слабне, Зямлю калоцяць бою перуны. Ці ж не відаць вам, як дымяцца шаблі І гіне брат і сын ваш без віны? Хто быў апошні разбуральнік храма, Свяцілішча Палады на гарах? Хто той грабежнік, што з калон і брамаў Скульптуры краў і помнікі ў мурах? Растуць, мацнеюць разам з ветрам крылы, Зноў пачынаюць свой адвечны рух І шумна абтрасаюць прах магілы, Кайданы, што трымалі ў пастцы дух. Хачу дамоў. Яе, маю шыпшыну — Брытанію, штоночы бачу ў сне. Няўжо я там забыт? Няўжо чужына Прытулак вечны дасць бадзягу мне?

Чуеце? Адзін памер, аднолькавы выбух страсці, нават адна настройка. І толькі струны, струны аднолькавага "ля" гучаць розна. Бо не знайшлося яшчэ майстра, які здолеў бы зрабіць дзве ў свеце аднолькавыя струны. Бо нікому яшчэ не ўдавалася не толькі народ зрабіць аднолькавым ва ўсіх асобах, што складаюць яго, але і двух людзей зрабіць духоўнымі блізнятамі. Нельга забываць гэта.

І ўсё ж зроблена ўсё магчымае, каб паэма была адной суцэльнай брылай. "Чайльд Гарольд" перакладзены добра, а асобныя месцы (адно з іх — бой быкоў з першай песні) — проста выдатна.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win