Шрифт:
Яна маўчала, не асмельвалася падняць на яго вочы. Ён пачакаў хвіліну, потым моцна выдыхнуў цыгарны дым і, цяжка ступаючы, выйшаў з пакоя.
* * *
Яна вырашыла жыць, ні аб чым не думаючы, забыцца, запоўніць дні пустымі, нікчэмнымі заняткамі. Дома яна не магла вытрываць, яе пацягнула зноў на вуліцу, у натоўп, бо інакш, здавалася ёй, яна звар'яцее ад страху. Яна спадзявалася, што гэтай сотняй крон хоць на некалькі дзён адкупілася ад вымагальніцы, і таму адважылася зрабіць невялікую прагулку, тым больш што трэба было сёе-тое купіць, а галоўнае, яна бачыла, як здзіўляюць дамашніх яе непрывычныя паводзіны. Яна выпрацавала спецыяльныя прыёмы ўцёкаў з дому. З самага пад'езда яна, як з трампліна, з заплюшчанымі вачамі, кідалася ў чалавечы гушчар. Адчуўшы пад нагамі цвёрдыя пліты тратуара, а навокал цёплую чалавечую плынь, яна падавалася кудысьці наўгад з такою ліхаманкаваю паспешнасцю, якую толькі можа дазволіць сабе дама, калі не хоча, каб на яе звярталі ўвагу; вачэй яна не падымала, бо, зусім зразумела, баялася сустрэць знаёмы небяспечны позірк. Калі за ёю сочаць, дык лепей не ведаць пра гэта. І ўсё-такі ні аб чым другім яна думаць не магла і хваравіта ўздрыгвала, калі хто-небудзь выпадкова дакранаўся да яе. Кожны нерв яе дрыжаў ад самага нязначнага воклічу, ад гуку крокаў за спінаю, ад ценю, які мільгаў міма: толькі ў экіпажы або ў чужым доме магла яна ўздыхнуць вольна.
Нейкі пан прывітаўся з ёю. Падняўшы вочы, яна пазнала даўняга сябра сям'і, прыветлівага, балбатлівага дзядка, ад якога яна заўсёды старалася ўцячы, бо ён меў звычку гадзінамі расказваць аб сваіх нязначных, можа, нават толькі ўяўных хваробах. Але цяпер яна пашкадавала, што толькі адказала на прывітанне і не набілася яму ў кампанію - бо такі спадарожнік надзейна ахоўваў бы яе ад нечаканага прыставання вымагальніцы. Яна запаволіла крок і ўжо хацела вярнуцца і пазваць яго, як раптам ёй здалося, што хтосьці паспешна ідзе за ёю ўслед, і яна інстынктыўна рванулася наперад. Але абвостраным ад страху чуццём яна ўлавіла, што крокі за спінаю таксама паскараюцца, і ішла ўсё хутчэй і хутчэй, хоць і разумела, што ўсё роўна ёй не ўцячы ад праследавання. Яе плечы ўздрыгвалі, быццам адчувалі, што рука, якая вось зараз, у гэты момант - крокі чуваць былі ўсё бліжэй і бліжэй - дакранецца да іх, і чым хутчэй старалася яна бегчы, тым меней слухаліся яе ногі. Праследвальнік быў ужо зусім блізка.
– Ірэна!
– настойліва, але ціха паклікаў ззаду чыйсьці голас; яна не адразу зразумела, каму ён належыць, ведала толькі, што гэта не той, якога яна баялася, не голас жахлівай вястункі няшчасця. З уздыхам аблягчэння яна павярнулася; яна спынілася гэтак рэзка, што ён ледзь не наляцеў на яе. Твар яго быў бледны і адлюстроўваў яўную збянтэжанасць, а пад яе няўцямным позіркам ён канчаткова засаромеўся. Нясмела працягнуў ён руку і зноў апусціў яе, бо яна не падала яму рукі. Яна толькі глядзела на яго секунду, дзве - яго яна ніяк не чакала ўбачыць. Менавіта пра яго яна забылася ў гэтыя пакутлівыя дні. Але цяпер, калі перад ёю ўзнік яго бледны, разгублены твар з пустымі вачамі, якія адлюстроўвалі ўнутраную няўпэўненасць, хваля шалёнай злосці нечакана выбухнула ў ёй. Дрыготкія вусны намагаліся штосьці сказаць, а твар быў перакрыўлены такім хваляваннем, што ён спалохана залепятаў:
– Ірэна, што з табою?
– І, убачыўшы яе гнеўны жэст, дадаў ужо зусім ціха: - Што я табе зрабіў?
Яна глядзела на яго з непрыхаванаю злосцю.
– Што? Нічога! Зусім нічога?
– насмешліва зарагатала яна.
– Адно толькі добрае! Адно толькі радасць!
Ён утаропіўся ў яе разгубленым позіркам і нават рот разявіў ад здзіўлення, і таму яго твар стаў да смешнага дурнаватым.
– Што ты... што ты, Ірэна!
– Не падымайце крыку, - рэзка абарвала яна, - і не прыкідвайцеся дурненькім. Ваша міленькая сяброўка, напэўна, ужо падглядвае з-за вугла і толькі таго і чакае, каб накінуцца на мяне...
– Хто... Пра каго ты?
Яе нястрымна цягнула ўдарыць па гэтым застылым у дурнаватай грымасе твары. Рука яе міжволі сціснула парасон. Ніколі яшчэ ніхто не быў ёй гэтак агідны і ненавісны.
– Што ты... што ты, Ірэна, - усё яшчэ разгублена лепятаў ён.
– Што я табе зрабіў?.. Ты раптам перастала прыходзіць... Я чакаю цябе дні і ночы... Сёння я цэлы дзень прастаяў каля твайго пад'езда, каб хоць хвіліну пагаварыць з табою.
– Ах, прастаяў! Ты таксама!
– Яна адчувала, што ад гневу ў яе памутнела ў галаве. Вось ударыць бы яго па твары - якая гэта была б палёгка! Але яна стрымалася, яшчэ раз з пякучаю нянавісцю паглядзела на яго, як быццам раздумвала, ці не выліць усю назапашаную злосць у зняважлівых словах, але замест гэтага раптам павярнулася і, не аглядваючыся, зноў нырнула ў людскі паток. А ён гэтак і знерухомеў на месцы, разгублены, спалоханы, з умольна працягнутаю рукою, пакуль вулічная мітусня не падхапіла і не панесла яго, як нясе рэчка апалы ліст, а ён супраціўляецца, дрыжыць і круціцца, пакуль бязвольна не скорыцца цячэнню.
* * *
Але Ірэне, мусіць, не наканавана было аддавацца суцяшальным спадзяванням. Ужо на наступны дзень новая запіска, як новы ўдар бізуном, ажывіла крыху аслабелы страх. На гэты раз ад яе патрабавалі дзвесце крон, і яна пакорліва аддала грошы. Яе палохала імклівае нарастанне патрабаванняў, яна разумела, што хутка не зможа задаволіць іх, бо хоць яна і належала да багатай сям'і, але не магла непрыкметна здабыць такія значныя сумы. Дый да чаго гэта прывядзе? Яна не сумнявалася, што заўтра ў яе запатрабуюць чатырыста крон, а крыху пазней тысячу, і чым болей яна дасць, тым болей будуць вымагаць; калі ж яе сродкі скончацца, прыйдзе ананімны ліст, і ўсё прапала. Яна аплачвала толькі час, толькі перадышку, два-тры дні, самае большае - тыдзень адтэрміноўкі. Але пры гэтым колькі нічым не акупленых гадзін пакутлівага чакання!.. Яна не мела сілы ні чытаць, ні чым-небудзь займацца, страх, як злы дэман, не даваў ёй спакою. Яна адчувала сябе сапраўды хвораю. Часам у яе пачыналася такое сэрцабіццё, што яна не магла трымацца на нагах, трывога, нібы расплаўленым свінцом налівала яе цела, але, нягледзячы на пакутлівую стомленасць, спаць яна таксама не магла. І хоць кожны нерв яе дрыжаў, ёй трэба было ўсміхацца, прыкідвацца вясёлай, і ніхто нават уявіць сабе не мог, якога неймавернага напружання каштавала гэтая прытворная весялосць, колькі сапраўднага гераізму было ў гэтым штодзённым, але марным насіллі над сабою.
З усіх людзей вакол яе толькі адзін чалавек, здавалася ёй, няясна здагадаўся аб тым, што ў яе на душы, здагадаўся толькі таму, што сачыў за ёю. Яна адчувала, што ён увесь час заняты ёю, як яна - ім, і гэтая ўпэўненасць прымушала яе пастаянна быць насцярожанай. Гэтак яны дзень і ноч высочвалі і пільнавалі адзін аднаго, і кожны стараўся выведаць таямніцу другога і мацней схаваць сваю. Муж таксама змяніўся ў апошні час. Грозная інквізітарская суровасць першых дзён саступіла месца клапатлівай увазе, якая міжволі нагадвала Ірэне пару яго жаніхоўства. Ён абыходзіўся з ёю, як з хвораю, бянтэжыў сваёю клапатлівасцю. У яе замірала сэрца, калі яна бачыла, як ён ледзь не падказвае ёй выратавальнае слова, як намагаецца зрабіць прызнанне прывабна лёгкім; яна разумела яго намер, была яму ўдзячная і радая яго дабраце. Але яна адчувала, што разам з цёплым пачуццём расло і пачуццё сораму, і яно скоўвала яе вусны мацней, чым раней недавер.
У адзін з гэтых дзён ён загаварыў зусім адкрыта, гледзячы ёй у вочы. Яна вярнулася дадому і ўжо ў пярэднім пакоі пачула гучную размову: рэзкі, рашучы голас мужа і бурклівая скорагаворка гувернанткі чаргаваліся з плачам і ўсхліпваннямі. Спачатку яна спалохалася. Бо варта ёй было пачуць дома гучную, усхваляваную гаворку, як яна ўся ўздрыгвала; усё, што выходзіла за межы штодзённасці, выклікала ў яе цяпер страх, шчымлівы страх, што ліст ужо прыйшоў і таямніца раскрыта. Адчыніўшы дзверы, яна перш за ўсё кідала на твары дамашніх хуткі позірк, які прагна пытаўся, ці не адбылося што-небудзь у яе адсутнасць, ці не выбухнула катастрофа. Але тут яна амаль адразу ж супакоілася, бо зразумела, што гэта проста дзіцячая сварка і нешта накшталт імправізаванага судовага разбору. Неяк на днях адна з цётак падарыла хлопчыку пярэстага цацачнага каня, што выклікала зайздрасць у малодшай сястрычкі, якая атрымала падарунак горшы. Яна паспрабавала прад'явіць свае правы на каня, ды гэтак настойліва, што брат забараніў ёй наогул дакранацца да цацкі; тады яна спачатку ўсчала крык, а потым затаілася ў злосным, зацятым маўчанні. Але назаўтра конік раптам прапаў; як ні шукаў яго хлопчык, ён бясследна знік; нарэшце прапажу выпадкова знайшлі ў печы: драўляныя часткі коніка былі паламаныя, пярэстая скура садрана, а ўсё ўнутры выпатрашана. Падазрэнне, зразумела, упала на дзяўчынку - хлопчык з плачам кінуўся да бацькі скардзіцца на крыўдзіцельку, і толькі што пачаўся допыт.